Аб’ём продажу аўтамабіляў у Беларусі ўзрос у 1,7 разу
Колькасць набытых у афіцыйных дылераў легкавых і камерцыйных аўтамабіляў у першым паўгоддзі 2018 года дасягнула 23 196. Гэта на 70,5% больш, чым у аналагічным перыядзе 2017 года, і на 92,2% перавышае вынік 2016 года, сведчаць дадзеныя Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі (БАА).
Найбольшай папулярнасцю карысталіся аўтамабілі Renault — за першае паўгоддзе іх было прададзена 5845 адзінак (на траціну больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года). Другое месца па колькасці рэалізаваных аўтамабіляў у першым паўгоддзі займае LADA — 4206 (у 2,1 разу больш). На трэцім месцы Volkswagen — 3248 аўтамабіляў (рост у 1,5 разу).
Значны рост паказаў продаж Geely — у 3,1 разу да 810 аўтамабіляў. У 2,4 разу больш прададзена аўтамабіляў маркі Haval (48), у 2,2 разу — Mitsubitshi (178). Больш чым у 1,9 разу ўзрасла рэалізацыя Nissan (1465 адзінак), Hyundai (1136), Mercedes-Benz (279). Больш чым у 1,8 разу — GAZ (1019), Kia (1222), Mazda (274).
Разам з тым на шэраг марак адзначана падзенне продажу: BMW — на 9% да 204 адзінак, Peugeot — на 37% да 108, Chevrolet-Ніва — на 23% да 80, Dong Feng — на 67% да 5. На ўзроўні мінулага года засталася рэалізацыя Porsche — 27 аўтамабіляў.
Асацыяцыя таксама склала рэйтынг пераваг пакупнікоў. „Нязменны лідар апошніх гадоў мадэль Volkswagen Polo застаецца на вяршыні рэйтынгу (2194), хоць LADA Vesta наблізілася ўшчыльную (1971). Таксама варта адзначыць факт таго, што аўтамабілі беларускай зборкі (мадэль Geely ATLAS) упершыню ўвайшлі ў топ-10 і занялі дзявятае месца з паказчыкам 746 „, — заўважылі ў БАА.
У топ-10 таксама ўвайшлі: Renault Logan (1571), Renault Sandero Stepway (1415), Renault Duster (1241), Renault Kaptur (1018), LADA Largus (929), Skoda Rapid (805), Hyundai Creta (605).
Фота adt.by