Аб`ём ценявой эканомікі ў Беларусі складае 32,4% ВУП
Паводле ацэнак экспертаў Міжнароднага валютнага фонду, у Беларусі на долю ценявой эканомікі ў 1991—2015 гадах прыпадала ў сярэднім 44,52% ВУП, а за апошні разгляданы справаздачны перыяд у 2015 годзе — 32,4% ВУП.
Гэты паказчык прыводзіцца ў дакладзе эксперта афрыканскага дэпартамента МВФ Леандра Медзіны і Фрыдрыха Шнейдэра з Універсітэта імя Кеплера (Лінц), якімі зробленыя ацэнкі аб`ёмаў ценявой эканомікі ў 158 краінах свету.
Згодна з дакладам, аб`ёмы ценявой эканомікі Расеі складаюць 33,7% ад ВУП. Украіна ў гэтым плане перасягнула і Расею, і Беларусь. У гэтай суседняй дзяржаве аб`ём ценявой эканомікі складае 44,8% ад ВУП.
У цэлым адзначаны ў краін СНД аб`ём ценявой эканомікі дасягае ўзроўню краін-лідараў з Афрыкі і перавышае ацэнкі для ўсёй Усходняй Еўропы. У развітых краінах гэты паказчык знаходзіцца ў межах ад 7% да 15%.
Праца эканамістаў, апублікаваная ў серыі дакладаў МВФ Working Papers у канцы студзеня, з`яўляецца першым сістэмным прыкладаннем новых статыстычных метадаў ацэнкі ценявой эканомікі.
У аснову работы Медзіны і Шнейдэра пакладзеныя тры адносна новыя методыкі. Для гэтай працы МВФ, які, магчыма, будзе карыстацца методыкай як стандартнай, правёў мікрадаследаванні ў краінах Балтыі, Польшчы, Беларусі і Швецыі, якія ўдакладняюць методыкі. БелаПАН