Аб’ём вытворчасці нафтапрадуктаў на „Нафтане” скарочаны ў два разы
На ААТ „Нафтан” у Наваполацку аб’ём вытворчасці нафтапрадуктаў цяпер скарочаны прыкладна ў два разы — з 23 да 12,7 тыс. тон за дзень, паведаміў тэлеканалу „Беларусь 1” галоўны інжынер прадпрыемства Рыгор Пласцінін.
Паводле яго слоў, няякасная расейская нафта прадпрыемства пакуль не дасягнула, на працягу сутак чакаюцца пастаўкі якаснай сыравіны па нафтаправодзе Сургут — Полацк.
У эфіры навін паведамілі, што ў цэлым сутачны аб’ём перапрацоўкі нафты на двух НПЗ („Нафтан” і Мазырскі НПЗ) паніжаны з 28 да 18 тыс. тон. У нафтаправодзе „Дружба” на тэрыторыі Беларусі застаецца больш за 400 тыс. тон няякаснай сыравіны.
Дэлегацыя канцэрна „Белнафтахім” на чале з яго старшынёй Андрэем Рыбаковым 23 красавіка ў Маскве праводзіць перамовы з кіраўніцтвам кампаніі „Транснефць”. Паводле інфармацыі тэлеканала, беларускі канцэрн на перамовах мае намер падняць пытанне аб кампенсацыі страт і спагнанні няўстойкі ў сувязі з пастаўкамі няякаснай нафты.
19 красавіка кіраўніцтва канцэрна „Белнафтахім” паведаміла, што ўжо некалькі дзён па нафтаправодзе „Дружба” з Расеі паступае няякасная нафта. 22 красавіка стала вядома, што з-за няякаснай расейскай нафты на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе выйшла са строю дарагое абсталяванне.
Намеснік генеральнага дырэктара Беларускай нафтавай кампаніі Сяргей Грыб 23 красавіка паведаміў журналістам, што Беларусь прыпыніла пастаўкі нафтапрадуктаў ва Украіну, Польшчу і краіны Балтыі.
Паводле слоў намесніка старшыні „Белнафтахіма” Уладзіміра Сізова, няякасная нафта ўжо паступіла на тэрыторыю краін Еўразвяз.
belapan.by