Аб’ём замежных інвестыцый у эканоміку Беларусі вырас на 400 млн долараў



За студзень-верасень 2017 года ў рэальны сектар эканомікі (акрамя банкаў) замежныя інвестары ўклалі 6,7 млрд долараў ЗША інвестыцый, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт.

Для параўнання: гэты паказчык за аналагічны леташні перыяд склаў 6,3 млрд. Такім чынам, за год аб’ём замежных інвестыцый вырас на 0,4 млрд долараў, або на 6,3%.

За дзевяць месяцаў гэтага года асноўнымі інвестарамі арганізацый рэспублікі былі суб’екты гаспадарання Расійскай Федэрацыі (40,6% ад усіх інвестыцый), Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі (26,6%), Кіпра(7,1%).

Паступленне прамых замежных інвестыцый склала 5,5 млрд долараў ЗША (у мінулым годзе — 5,1 млрд), або 83% ад усіх замежных інвестыцый.

За студзень—верасень 2017 года арганізацыямі рэспублікі (акрамя банкаў) накіравана за мяжу інвестыцый на 4 млрд долараў ЗША (у студзені—верасні 2016 года — 2,9 млрд).

Значныя аб’ёмы інвестыцый арганізацыямі рэспублікі былі накіраваны суб’ектам гаспадарання Расійскай Федэрацыі (66,8% ад усіх накіраваных інвестыцый), Украіны (17,9%), Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі (6,8%).

На долю прамых інвестыцый прыпадала 93,8% усіх накіраваных інвестыцый за мяжу.

Старшыня праўлення фонду развіцця „Новая эканамічная стратэгія”, экс-дырэктар Нацыянальнага агенцтва інвестыцый і прыватызацыі Наталля Нікандрава раней у інтэрв’ю БелаПАН выказала меркаванне, што для паступлення інвестыцый неабходна ствараць умовы. „Паглядзіце, як актыўна працуюць ПВТ і кампанія па развіцці парку „Вялікі камень” над стварэннем максімальна камфортных умоў для таго, каб нівеліраваць рызыкі, звязаныя з інвеставаннем на тэрыторыі Беларусі”, — прывяла яна прыклад.

Эксперт лічыць, што для павелічэння прытоку замежных інвестыцый неабходна правесці адкрытую прыватызацыю, максімальна скараціўшы долю дзяржаўнай уласнасці ў эканоміцы, правесці рэформу сістэмы дзяржаўнага кіравання, „абавязаўшы функцыянальныя міністэрствы несці адказнасць за развіццё галіны ў цэлым, у тым ліку устанавіўшы ім паказчыкі па развіцці долі прыватнага сектара ў галіне”.

belapan.by