Аб’ём жыллёвага будаўніцтва ў Менску скараціўся амаль на чвэрць
У студзені—жніўні 2018 года арганізацыямі ўсіх форм уласнасці ў Менску пабудавана 4 085 новых кватэр (у студзені—жніўні 2017-га — 5 711), паведамляе галоўнае статыстычнае ўпраўленне сталіцы.
Уведзена ў эксплуатацыю 293,9 тыс. кв. м агульнай плошчы жылля, на 24,6% менш, чым у студзені—жніўні 2017 года, на 86,1% менш, чым у жніўні мінулага года, і на 85% менш, чым у ліпені гэтага года.
Для грамадзян, якія стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў, уведзена ў эксплуатацыю 50,4 тыс. кв. м агульнай плошчы, або 17,2% агульнага ўводу жылля.
З агульнага аб’ёму ўведзенага жылля для грамадзян, якія стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў, з выкарыстаннем дзяржаўнай падтрымкі пабудавана 46,1 тыс. кв. м (у 2,3 разы больш, чым у студзені—жніўні 2017 года).
У 2018 годзе ў сталіцы плануюць пабудаваць 720 тыс. кв. м жылля, у тым ліку для тых, хто стаіць у чарзе — 120 тыс. У Маскоўскім раёне павінны ўзвесці 218,2 тыс. кв. м, у Першамайскім — 155 тыс., у Цэнтральным — 135,9 тыс. Акрамя таго, пачнецца асваенне тэрыторый у Заводскім раёне — у межах вуліц Шышкіна і Куляшова, працягнецца жыллёвае будаўніцтва ў Фрунзенскім раёне — у межах вуліц Шаранговіча і Гарэцкага.