Аб’ём жыллёвага будаўніцтва ў Менску вырас у 1,7 разу
У студзені — лютым 2021 года ў Менску арганізацыі ўсіх форм уласнасці пабудавалі 2,2 тыс. кватэр, паведаміла галоўнае статыстычнае ўпраўленне сталіцы.
Уведзена ў эксплуатацыю 135,6 тыс. квадратных метраў агульнай плошчы жылля, што на 67,5% больш, чым у студзені — лютым 2020 года. Пры гэтым у лютым пабудавана 56,8 тыс. кв. метраў, што ў 5,5 разу больш, чым у лютым 2020 года і на 28% менш, чым у студзені 2021 года.
Для грамадзян, якія стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў, уведзена ў эксплуатацыю 28,3 тыс. кв. м, або 20,9% агульнага аб’ёму ўведзенага жылля. З выкарыстаннем дзяржпадтрымкі пабудавана 22,2 тыс. кв. м (на 2,6% менш, чым у студзені — лютым 2020 года). Пры гэтым у лютым будаўніцтва з дзяржпадтрымкай не вялося.
У 2020 годзе ўведзена ў эксплуатацыю 701,3 тыс. квадратных метраў агульнай плошчы жылля, што на 37% больш, чым у 2019 годзе. У 2020 годзе ў сталіцы планавалася пабудаваць 630 тыс. кв. м жылля.
У 2021 годзе ў Менску плануецца пабудаваць 600 тыс. кв. м жылля, у тым ліку 135 тыс. — з дзяржпадтрымкай.
7 ліпеня мінулага года на сустрэчы з „актывам” Менска Аляксандр Лукашэнка заявіў, што паставіў задачу не дапусціць, каб колькасць насельніцтва сталіцы перавысіла 2 млн. „Да мяне часта прыходзяць (я вельмі жорстка кантралюю пытанне зямель сельгаспрызначэння). За першую кальцавую дарогу — ні кроку! Менск павінен застацца ўнутры першай кальцавой дарогі, — заявіў ён. — І не думайце, што я дам згоду на перанасяленне зялёных зон. Калі хто-небудзь думае, што мы паркі і зялёную зону пачнем падрэзваць і там нешта будаваць, гэтага не будзе. Гэта здабытак людзей”.
18 верасня ён у чарговы раз запатрабаваў скараціць жыллёвае будаўніцтва ў Менску, каб не перанасяляць сталіцу. „Гэта возьмем на жорсткі кантроль. Трэба будаваць жыллё так, каб размеркаваць вытворчыя сілы па краіне”, — заявіў Лукашэнка падчас наведвання ААТ „МАПІД”.
Аднак 30 кастрычніка, пасля сустрэчы са старшынёй савета дырэктараў кампаніі Emaar Properties (ААЭ) Мухамедам Алі аль-Абара, з якім абмяркоўваў пытанні будаўніцтва ў беларускай сталіцы „разумнага горада”, Лукашэнка сваім указам перадаў пад „шматфункцыянальную жылую забудову” больш за тысячу гектараў мінскіх зямель сельгаспрызначэння.