Аб’ёмы будаўніцтва жылля прапануюць скараціць у два разы
Аб’ёмы будаўніцтва жылля ў беларускай сталіцы і абласных цэнтрах прапануецца скараціць у два разы, паведаміў намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Калінін у эфіры тэлеканала СТБ, інфармуе БЕЛТА.
Віцэ-прэм’ер звярнуў увагу на тое, што ў Менску пражывае 20% насельніцтва краіны, палова жылля будуецца ў абласных цэнтрах. «Мы бачым, што трэба скараціць як мінімум удвая жыллёвае будаўніцтва шматпавярховых дамоў у Менску і абласных цэнтрах. З такой прапановай мы будзем выходзіць ва ўрад і абмяркоўваць гэтыя рашэнні», — сказаў Анатоль Калінін.
Пры гэтым прыярытэт будзе аддавацца развіццю гарадоў-спадарожнікаў. «Мы павінны павялічыць аб’ёмы будаўніцтва ў гарадах-спадарожніках як мінімум у 4–5 разоў. Безумоўна, мы знаходзім новыя формы, умовы крэдытавання», — адзначыў віцэ-прэм’ер.
Як паведамлялася, у Смалявічах пад Менскам будуць прапаноўваць жыллё грамадзянам, якія стаяць на ўліку ў сталіцы. Яны атрымаюць дзяржпадтрымку згодна ўказу №240.
«Другое пытанне — гэта занятасць грамадзян, якія будуць пражываць у гарадах-спадарожніках. Мы бачым, што ўсё-такі ў Менску і абласных цэнтрах трэба спыніць будаўніцтва прамысловых вытворчых аб’ектаў. Пакуль мы будзем дазваляць будаваць у Менску і ў абласных цэнтрах, у раён ніхто не паедзе. Таму гэта таксама новая прапанова», — дадаў Анатоль Калінін.
Калінін таксама паведаміў, што ў 2020 годзе намечана будаўніцтва 5 млн кв.м жылля. У асноўным гэта будаўніцтва жылля для шматдзетных сем’яў, у гарадах-спадарожніках, а таксама індывідуальнае жыллёвае будаўніцтва.