Ад чаго залежыць стабільнасць беларускага рубля?
Аналітык афіцыйнага партнёра Альпары ў Менску Вадзім Іосуб распавядае, чым было выклікана ўзмацненне беларускага рубля і што чакае нацыянальную валюту далей.
Беларуская валюта апошнім часам узмацнялася адносна даляра і еўра, але ўчора на таргах Беларускай валютна-фондавай біржы курс даляра ізноў скокнуў уверх на 90 рублёў, а еўра – на 120 рублёў.
Вадзім Іосуб: Пачнем з таго, што беларускі рубель не ўмацоўваўся ўжо даўно. У адносінах да расейскага рубля беларускі зніжаецца і ў цэлым, калі меркаваць па валютнаму кошыку, з сярэдзіны студзеня нацыянальная валюта Беларусі моцна не змяняецца. Што ж датычыцца станоўчых ваганняў на карысць беларускага рубля, то гэта адбываецца таму, што ў апошні час мы бачым умацаванне расейскага рубля да амерыканскага даляра. Таму змены на беларускім валютным біржавым рынку – гэта следства выключна гэтай з’явы.
РР: Адным словам, курс беларускага рубля будзе наўпрост залежыць ад расейскага?
Вадзім Іосуб: Менавіта так. Таму, каб рабіць нейкія прагнозы па беларускай валюце, трэба ведаць адказ на пытанне: “Як доўга будзе ўмацоўвацца расейскі рубель да даляра?” Ад сітуацыі ў беларускай эканоміцы гэта наогул ніяк не залежыць. І, калі прааналізаваць апошнія падзеі ў свеце, то што мы сёння бачым? А бачым мы, што заходнія краіны могуць прыняць новыя санкцыі супраць Расеі. І ведаем, што напярэдадні яшчэ адным рэйтынгавым агенцтвам Moody’s быў зніжаны рэйтынг Расеі ніжэй за інвестыцыйны. Зыходзячы з гэтага, магчыма, што ўжо з пачатку гэтага тыдня трэнд па ўзмацненню расейскага рубля зменіцца на супрацьлеглы. А гэта будзе азначаць, што і ў Беларусі даляр спыніць сваё падзенне.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя