Адбудзецца пасяджэнне міжурадавай беларуска-ўкраінскай камісіі



27-е пасяджэнне міжурадавай беларуска-ўкраінскай змяшанай камісіі па пытаннях гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва адбудзецца 4 верасня ў Кіеве.

Як паведаміў 29 жніўня на брыфінгу ў Менску прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз, беларускую частку камісіі ўзначаліць намеснік прэм’ер-міністра Ігар Ляшэнка, украінскую — віцэ-прэм’ер, міністр рэгіянальнага развіцця, будаўніцтва і ЖКГ Генадзь Зубко.

„Украіна — важны для нас гандлёва-эканамічны партнёр, — сказаў Глаз. — У 2018 годзе яна была на другім месцы сярод усіх гандлёвых партнёраў нашай краіны па тавараабароце і экспарце. Падчас пасяджэння плануецца дэталёва разгледзець увесь комплекс двухбаковага супрацоўніцтва, у тым ліку ўзаемадзеянне ў сферы прамысловасці і вытворчай кааперацыі, нафтахімічным сектары і энергетычнай галіне, сельскай гаспадарцы, транспартнай сферы, прымяненні ахоўных мер і двухбаковым гандлі”.

„Таксама плануецца абмеркаваць сумесныя мерапрыемствы, у тым ліку другі форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны, які запланаваны на 3—4 кастрычніка гэтага года”, — дадаў прэс-сакратар МЗС.

2 ліпеня ўкраінскі пасол у Менску Ігар Кізім паведаміў, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі запрасіў Аляксандра Лукашэнку наведаць краіну.

17 ліпеня беларускі пасол у Кіеве Ігар Сокал паведаміў, што сустрэча Лукашэнкі з Зяленскім плануецца ў рамках другога форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны, які пройдзе ў Жытоміры.

Першы форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны прайшоў у Гомелі ў кастрычніку 2018 года з удзелам кіраўнікоў дзяржаў Аляксандра Лукашэнкі і Пятра Парашэнкі.

БелаПАН