Адключаны першы блок БелАЭС плануюць вярнуць у працу ў сярэдзіне жніўня



 Уключэнне першага энергаблока Беларускай АЭС у сетку „з улікам неабходнасці прагрэву абсталявання і наступнага набору магутнасці рэактарнай устаноўкі” плануецца блізу сярэдзіны жніўня, паведамляе прэс-служба Міністэрства энергетыкі.

„На першым энергаблоку БелАЭС праводзіцца рэвізія і дыягностыка абсталявання турбагенератара, — адзначылі ў міністэрстве. — Гэтая праца выконваецца ў адпаведнасці з тэхналагічным рэгламентам. У ёй задзейнічаныя як беларускія, так і расейскія спецыялісты”.

Пасля завяршэнні гэтай працы і ліквідацыі прычын спрацоўвання аўтаматычнай аховы генератара на БелАЭС пачнуць падрыхтоўчыя аперацыі па ўводзе першага энергаблока ў працу, удакладнілі ў Мінэнерга.

Як паведамлялася, 12 ліпеня ў 12.57 першы блок БелАЭС быў адключаны ад сеткі з-за спрацоўвання аўтаматычнай аховы генератара. Аўтаматыка разгрузіла рэактарную ўстаноўку да мінімальна кантраляванага ўзроўню магутнасці (1%) без спрацоўвання аварыйнай аховы.

16 ліпеня міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч заявіў, што блок уключаць у працу пасля дэталёвай дыягностыкі ўсіх сістэм і вузлоў турбагенератара. „З улікам таго, што абсталяванне турбагенератара працавала пры тэмпературы прыблізна 300 градусаў па Цэльсіі, неабходны пэўны час для яго расхалоджвання, каб спецыялісты маглі пачаць высвятленне прычын спрацоўвання аховы і іх ліквідацыю”, — сказаў ён.

Беларуская АЭС будуецца блізу Астраўца (Гарадзенская вобласць) пераважна за кошт крэдыту Расеі паводле расійскага праекта ВВЭР-1200. Генеральным праекціроўшчыкам і генпадрадчыкам будаўніцтва станцыі выступае Інжынірынгавы дывізіён дзяржкарпарацыі „Расатам” (галаўная арганізацыя — інжынірынгавая кампанія „АСЭ”).

Першы блок БелАЭС пачаў выпрацоўваць электрычнасць у рэжыме доследна-прамысловай эксплуатацыі 3 лістапада 2020 года. 10 чэрвеня гэтага года блок увялі ў прамысловую — камерцыйную — эксплуатацыю. 18 чэрвеня была прынятая партыя ядзернага паліва для першай планавай перагрузкі ў рэактар першага энергаблока.

Збудаванне другога энергаблока завершанае на 87%. 19 красавіка на станцыю даставілі ядзернае паліва для стартавай загрузкі, якую плануецца ажыццявіць гэтай восенню. Увесці другі блок у эксплуатацыю ў адпаведнасці з указам № 447 павінны ў першай палове 2022 года. Разам з тым пасол Беларусі ў РФ Уладзімір Сямашка ў красавіцкім інтэрв’ю „Российской газете” заявіў, што ўвод другога энергаблока ў прамысловую эксплуатацыю запланаваны на ліпень наступнага года.

belapan.by