Адключэнне ад SWIFT актыўна выкарыстоўваюць махляры
Адключэнне трох беларускіх банкаў ад сістэмы SWIFT актыўна выкарыстоўваюць махляры. Псеўда супрацоўнікі тэлефануюць грамадзянам і пужаюць блакіроўкай рахункаў, а каб гэтага пазбегнуць трэба неадкладна перавесці ўсе сродкі на новы. Паводле Асацыяцыі беларускіх банкаў, грамадзяне трапляюцца ў гэтую пастку.
Юрыст Таварыства абароны правоў спажыўцоў Мікалай Навумаў нагадаў самае простае правіла для ўсіх:
– Супрацоўнік банка ніколі не будзе вам тэлефанаваць і даведвацца вашыя асабістыя дадзеныя. Супрацоўнік банка можа патэлефанаваць у двух выпадках: першае, прапанаваць крэдытны прадукт, які зараз актуальны на банкаўскім рынку; або прапанаваць прыйсці ў аддзяленне банка для далейшай ідэнтыфікацыі і нейкіх дзеянняў, якія хацеў выканаць кліент.
20 сакавіка ад міжнароднай сістэмы перадачы фінансавых паведамленняў адключылі “Белаграпрамбанк”, банк “Дабрабыт” і “Банк развіцця”. На існаванне рахункаў фізічных і юрыдычных асобаў гэта не ўплывае.
Беларускае Радыё Рацыя