Адкрыліся дабрачынныя рахункі для збору сродкаў на барацьбу з каронавірусам



Рэспубліканскі цэнтр арганізацыі медыцынскага рэагавання адкрыў у „Беларусбанку” дабрачынныя рахункі ў беларускіх рублях і еўра для дапамогі ў барацьбе з каронавірусам, паведаміла прэс-служба Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.

Арганізацыі і фізічныя асобы могуць пералічваць на гэтыя рахункі грашовыя сродкі, якія будуць накіраваныя на „правядзенне санітарна-супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў і спрыянне дзейнасці ў галіне аховы здароўя насельніцтва ў межах працы па выяўленні і лячэнні пацыентаў з COVID-19, а таксама для акумулявання і далейшага размеркавання грашовых сродкаў, што паступяць, у адпаведнасці з патрэбай канкрэтных устаноў аховы здароўя, паводле ўзгаднення з Міністэрствам аховы здароўя”.

„Мы вітаем падтрымку грамадства і зможам выкарыстоўваць дабрачынную дапамогу ў мэтах закупкі абсталявання для лабараторнай дыягностыкі COVID-19, дыягнастычных набораў, ахоўных сродкаў, лекавых прэпаратаў, а таксама на аказанне дапамогі хворым”, — заявіла прэс-служба міністэрства.

Згодна са звесткамі Міністэрства аховы здароўя, на 23 сакавіка ў Беларусі быў пацверджаны 81 выпадак каронавіруснай інфекцыі. Большасць інфікаваных зарэгістраваныя ў Мінскай і Віцебскай абласцях. 22 чалавекі вылечаныя і часткова выпісаныя, 59 застаюцца пад назіраннем у медустановах. Акрамя таго, прыблізна 1 100 чалавек — так званыя кантакты першага ўзроўню — знаходзяцца на каранціне, яшчэ 8 800 — кантакты другога ўзроўню — пад медыцынскім наглядам.

БелаПАН