Адкуль бяруцца чэргі па польскія візы?



Чэргі па польскія візы пачынаюць кампраметаваць Польшчу ў вачах беларусаў. Польскія дыпламаты заяўляюць, што менавіта такога эфекту хоча дасягнуць адміністрацыя Лукашэнкі. Менавіта адсутнасць зычлівага стаўлення з беларускага боку ў значнай ступені ўплывае на тое, што атрымаць польскую візу няпроста.

Праблемаў з чэргамі ў польскія кансуляты ў Беларусі не было б, калі б польскія (ды іншыя еўразвязаўскія) кансуляты мелі дастатковую колькасць працаўнікоў і адпаведную лагістычную базу для абслугоўвання ўсіх ахвотных. Аднак праблема палягае ў тым, што краіны Заходняй Еўропы (Вялікабрытанія, Нямеччына) вельмі неахвотна і даволі абмежавана выдаюць візы грамадзянам Беларусі ды Украіны. З іншага боку, беларусы найчасцей падарожнічаюць не ў Францыю ці Бельгію, а ў Польшчу і Літву. Таму не здзіўляе тое, што больш за 70% шэнгенскіх візаў выдаецца Польшчай і Літвой. Трэба таксама ведаць, што польская замежная палітыка трымаецца прынцыпу адкрытасці ў дачыненні да беларусаў. Польшча зацікаўлена ў больш шчыльных кантактах беларускага народа з Еўразвязам.

Візы – гэта не польская выдумка, а патрабаванне Еўразвязу, да якога Польшча павінна была дастасавацца. Пры гэтым атрымаць візу імкнецца прыблізна ў чатыры разы больш асобаў, чым можа абслужыць кансулят. У Беларусі працуюць тры польскія кансуляты: у Менску, Гародні і Берасці, а іх кадравыя магчымасці – абмежаваныя. Каб задаволіць вялікае запатрабаванне, варта адкрыць польскія кансуляты таксама ў Віцебску і Гомелі ды патроіць «працоўныя магчымасці» ўжо існуючых дыпламатычных пляцовак.

І менавіта тут узнікае праблема, таму што афіцыйныя ўлады Беларусі гэтага нават не абмяркоўваюць. Рэжыму Лукашэнкі такая сітуацыя нават выгадная. Шматгадзінныя чэргі на мяжы, адсутнасць магчымасці перасячэння польска-беларускай мяжы пешшу, праблемы з атрыманнем польскай візы Шэнген – гэта толькі вада на млын рэжыму. На гэтай падставе рэжым можа казаць, што «ў Еўропе нас не хочуць, і таму трэба трымацца разам з братняй Расеяй, дзе такіх праблемаў няма» (таму што сапраўды няма). Альбо «Польшча – наш вораг, які ставіцца да беларусаў як да быдла».

Таму на ўсе прапановы пра павелічэнне кадравых і арганізацыйна-матэрыяльных магчымасцяў польскіх кансулятаў беларускія МЗС рэагуе негатыўна. Не наўпрост, але праз нефармальныя бар’еры беларускі бок блакуе змены ў гэтай сітуацыі. Але знешне ўсё адпавядае заканадаўству і дыпламатычным прынцыпам (гэта рэаліі польска-беларускіх дачыненняў).

МЗС не можа нічога зрабіць з хакерамі

Існая сітуацыя спрыяе парушэнням заканадаўства: паколькі магчымасці атрымаць візу – абмежаваныя, то каб трапіць у кансулят і скласці візавую анкету, трэба даць хабар хакерам-пасярэднікам. Гэтая праблема існавала і раней, калі яшчэ не функцыянавала сістэма рэгістрацыі праз інтэрнэт. Тады перад кансулятамі стаяла «стацыянарная» чарга. Стаяць можна было нават чатыры дні, працавалі камітэты, якія сачылі за захаваннем чаргі, аднак усё ж была магчымаць дачакацца сваёй чаргі і сумленна скласці візавую анкету.

Увядзенне электроннай рэгістрацыі ў кансулятах павінна было спрасціць працэдуру: замест таго, каб стаяць у чарзе, проста рэгіструешся праз інтэрнэт, і праз 1-4 месяцы ідзеш у кансулят скласці візавую анкету. Аднак на практыцы ўсё выглядае іначай. Калі хочаш зайсці на старонку ekonsulat і зарэгістраваць візавую анкету, з’яўляецца паведамленне пра памылку або інфармацыя пра адсутнасць вольных тэрмінаў да канца месяца. Сумленна зарэгістравацца праз інтэрнэт атрымоўваецца прыкладна 5% ахвотных атрымаць візу. Таму значная колькасць людзей звяртаецца да хакераў.

Электронная сістэма польскага МЗС мае слабую сістэму бяспекі, таму 95% вольных тэрмінаў адразу перахопліваюць беларускія і расейскія хакеры. За свае паслугі яны бяруць у сярэднім 200 еўра. Польскі МЗС бяздзейнічае ў той час, калі хакеры зарабляюць грошы на візавых махінацыях.

Як вырашыць праблему?

Глянем на праблему з тэхнічнага боку. Усё выглядае даволі проста. Трэба забяспечыць электронную сістэму такім чынам, каб гандаль вольнымі тэрмінамі на складанне візавых анкетаў быў немагчымым. Або трэба адмовіцца ад інтэрнэт-рэгістрацыі і вярнуцца да стацыянарнай чаргі, або ўвесці рэгістрацыю праз тэлефон. Беларусы, відавочна, былі б не супраць. Лепш 20-гадзінная чарга перад кансулятам, чым цяперашняя ненармальная сітуацыя.

Аднак не менш важнай справай з’яўляецца змена падыходу польскай амбасады і кансулятаў да самога працэсу выдачы візаў. Польскі бок павінен больш актыўна выдаваць шматразовыя візы, асабліва пяцігадовыя.

Безумоўна, гаворка не ідзе пра выпадковых асобаў ці пра тых грамадзянаў Рэпублікі Беларусь, адносна якіх ёсць сумневы, ці можна іх пускаць на тэрыторыю РП (напрыклад, асобы, звязаныя з рэжымам Лукашэнкі, непасрэдна адказныя за парушэнні правоў чалавека). Некаторыя грамадзяне Беларусі павінны мець забарону ўезду ў Польшчу і ЕЗ. У іншых выпадках павінен дзейнічаць просты і адназначны прынцып: калі двойчы атрымліваў аднаразовую візу і не ствараў праблемаў, у трэці раз маеш права на пяцігадовую візу.

І гэта можа вырашыць візавыя праблемы. Пяцігадовыя візы вырашаюць праблемы чэргаў. Асоба, якая часта ездзіць у Польшчы, мела б доўгатэрміновую візу, а таму не звярталася б пастаянна ў кансулят. Усё гэта магчымае ў рамках Кодэксу зоны Шэнген. Магчымасцю выдачы пяцігадовых візаў карыстаюцца, напрыклад, Літва і Фінляндыя. Польскія кансуляты таксама, аднак вельмі абмежавана.

Беларускае Радыё Рацыя.