Адкуль у беларусаў грошы на валюту?
Старшы аналітык кампаніі “Альпары” тлумачыць, чаму ў мінулым месяцы беларусы купілі амаль у два разы больш валюты, чым прадалі.
Як сведчыць статыстыка Нацбанка, фізічныя асобы за студзень прадалі наяўнай і безнаяўнай валюты на $ 440,71 млн, набылі — $ 630,12 млн. Такім чынам, чыстая купля валюты фізічнымі асобамі ў студзені склала $ 189 млн.
Вадзім Іосуб: Дэвальвацыйныя апасенні ў большай ці меншай ступені прысутнічаюць у насельніцтва заўсёды, але зараз яны, безумоўна, узмацніліся. Гэта такі працэс, які падтрымлівае сам сябе. Паскарэнне дэвальвацыі павялічвае дэвальвацыйныя чаканні, а значыцца людзі больш актыўна скупляюць валюту. Праз гэта дэвальвацыя толькі паскараецца, і народ ізноў бяжыць у абменнікі. І ў такія моманты заўсёды важнае пытанне рэсурсаў: за якія грошы насельніцтва скупляе валюту? Раней такія ўспышкі дэвальвацыі ў нас заўсёды правакавала неабгрунтаванае падвышэнне рублёвых заробкаў, але зараз гэтага няма. Заробкі зніжаюцца не толькі ў рэальным, але ў намінальным выражэнні. Таму я мяркую, што ў нашым выпадку размова ідзе пра рэкамендацыі Нацбанка восенню мінулага года знізіць адсоткавыя стаўкі па рублёвых дэпазітах да ўзроўню не вышэй за 30 адсоткаў. У выніку ў апошнія 2-3 месяцы насельніцтва актыўна здымае грошы з рублёвых дэпазітаў і пераводзіць іх у валюту.
РР: Гэтая тэндэнцыя працягнецца?
Вадзім Іосуб: Я думаю, што яна працягнецца яшчэ некалькі месяцаў, пакуль на рублёвых дэпазітах не застануцца самыя адданыя ўкладчыкі, якія з нейкіх сваіх меркаванняў не захочуць набываць валюту.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя