Адмененыя абмежаванні на вываз аўтамабільнага паліва



1 верасня адмененыя абмежаванні на вываз аўтамабільнага паліва з Беларусі. Адпаведнае рашэнне зацверджанае пастановай урада № 526 ад 1 лiпеня 2016 года.

паліва

Фота sputnik.by

Прызнана, што страцілі сілу пастанова ўрада № 753 ад 10 чэрвеня 2011 года „Аб некаторых пытаннях рэгулявання вывазу аўтамабільнага паліва з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”, пастанова № 1554 ад 18 лістапада 2011 года, якая ўнесла змены ў першы дакумент, і пастанова № 65 ад 20 студзеня 2012 года ” Аб унясенні зменаў у некаторыя пастановы Савета міністраў Рэспублікі Беларусь”.

Дзяржаўнаму пагранічнаму камітэту, Дзяржаўнаму мытнаму камітэту было даручана забяспечыць прывядзенне сваіх нарматыўных прававых актаў у адпаведнасць з гэтай пастановай.

Канцэрн „Белнафтахім” чакае росту продажу паліва, асабліва ў памажных раёнах краіны, паведаміла БелаПАН прэс-сакратар „Белнафтахіма” Марына Касцючэнка ў адказ на просьбу пракаментаваць рашэнне ўрада аб адмене абмежаванняў на вываз паліва за мяжу. „Мы станоўча ацэньваем прынятае рашэнне па адмене абмежаванняў і чакаем росту рэалізацыі аўтамабільнага паліва, асабліва на прыгранічных АЗС”, — сказала Касцючэнка.

З 28 лістапада 2011 года ў Беларусі дзейнічала пастанова ўрада, што абмяжоўвала колькасць выездаў за мяжу на аўтамабілі — не часцей за адзін раз на восем дзён. У іншым выпадку неабходна было выплачваць экспартныя пошліны на аўтамабільнае паліва.

belapan.by