Адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі за ліпень вырасла амаль на $360 млн



Адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі за студзень—ліпень 2018 года склала 2 млрд 777,9 млн долараў ЗША, вынікае з дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Паводле ўдакладненых дадзеных, адмоўнае сальда за студзень—чэрвень гэтага года склала 2 млрд 421,6 млн долараў. Такім чынам, за ліпень яно вырасла на 356,3 млн. За студзень—ліпень 2017 года сальда таксама было адмоўным — 2 млрд 156,5 млн долараў.

Знешнегандлёвы абарот краіны за сем месяцаў гэтага года склаў 41 млрд 52,1 млн долараў, да ўзроўню студзеня—ліпеня 2017 года ён павялічыўся на 19,3% у бягучых цэнах. Экспарт тавараў склаў 19 млрд 137,1 млн (рост на 18,7%), імпарт — 21 млрд 915 млн долараў (рост на 19,9%).

Знешнегандлёвы абарот з краінамі ЕАЭС за студзень—ліпень 2018 года склаў 20 млрд 989,5 млн долараў, на 15,7% больш, чым за студзень—ліпень 2017 года. Экспарт тавараў вырас на 4,3% да 7 млрд 960,5 млн, імпарт — на 24% да 13 млрд 29 млн. У гандлі з гэтымі краінамі сальда было адмоўным ў 5 млрд 68,5 млн долараў (у студзені—ліпені 2017 года — мінус 2 млрд 873,6 млн).

Тавараабарот з Расіяй, паводле дадзеных Белстата, за сем месяцаў склаў 20 млрд 382,6 млн долараў (павелічэнне да ўзроўню студзеня—ліпеня 2017 года на 15,2%). Экспарт тавараў склаў 7 млрд 427,9 млн (на 2,5% больш), імпарт — 12 млрд 954,7 млн (на 23,9% больш). Адмоўнае сальда ў гандлі з Расіяй склала 5 млрд 526,8 млн супраць адмоўнага ў 3 млрд 208,9 млн у студзені—ліпені 2017 года.

Знешнегандлёвы абарот з краінамі Еўрасаюза за студзень—ліпень 2018 года склаў 10 млрд 258,3 млн долараў, павялічыўшыся да ўзроўню студзеня—ліпеня 2017 года на 31,8%. Экспарт тавараў склаўся ў памеры 6 млрд 159,3 млн долараў (на 45,9% больш), імпарт — 4 млрд 99 млн (на 15% больш). Сальда ў гандлі з краінамі ЕС было станоўчым і склала 2 млрд 60,3 млн долараў (у студзені—ліпені 2017 года — станоўчае ў памеры 657,3 млн).

У краіны па-за СНД аб’ём экспарту ў студзені—ліпені гэтага года вырас на 35,4% да 8 млрд 630,4 млн долараў, імпарту — павялічыўся на 13,2% да 7 млрд 963,1 млн. У цэлым тавараабарот вырас на 23,8% да 16 млрд 593,5 млн, а сальда было станоўчым — 667,3 млн супраць адмоўнага ў памеры 656 млн долараў у студзені—ліпені 2017 года.

„Адмоўнае сальда ў гандлі тавараў застаецца сістэмнай праблемай”, — канстатаваў раней намеснік міністра замежных спраў Андрэй Еўдачэнка. Асноўны ўклад (амаль 90%) у фарміраванне адмоўнага сальда ў 2017 годзе ўнёс імпарт прамежкавых тавараў, перш за ўсё энергетычных (нафта, газ). „І для такой энергазалежнай краіны, як Беларусь, наўрад ці магчыма ў найбліжэйшай перспектыве выйсці на станоўчае сальда гандлю таварамі”, — указваў намеснік міністра.

„Таму ўрадам пастаўлена задача па апераджальным нарошчванні экспарту паслуг, доля якіх аб’ектыўна яшчэ не выйшла на аптымальны, адпаведны лепшым сусветным стандартам узровень”, — адзначаў чыноўнік.

belapan.by