Адмоўнае сальда знешняга гандлю за ліпень павялічылася амаль на 320 млн долараў
Адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі за студзень—ліпень 2017 года склала 2 млрд 344,8 млн долараў ЗША, сведчаць даныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта.
У студзені—чэрвені 2017 года сальда таксама было адмоўным — 2 млрд 28,6 млн долараў. Такім чынам, за ліпень яно павялічылася на 316,2 млн долараў. У студзені—ліпені 2016 года сальда складала мінус 1 млрд 937 млн, або на 407,8 млн менш.
Знешнегандлёвы абарот краіны за сем месяцаў гэтага года склаў 34 млрд 203,4 млн долараў, да ўзроўню студзеня—ліпеня 2016 года ён вырас на 21,1% у бягучых цэнах. Экспарт тавараў склаў 15 млрд 929,3 млн (+21,1%), імпарт — 18 млрд 274,2 млн (+ 21,1%) долараў.
Знешнегандлёвы абарот з краінамі ЕАЭС за студзень—ліпень 2017 года склаў 18 млрд 124,3 млн долараў, што на 23,8% больш, чым за студзень—ліпень 2016 года. Экспарт вырас на 26,3% да 7 млрд 610,1 млн долараў, імпарт — на 22% да 10 млрд 514,2 млн долараў. У гандлі з краінамі ЕАЭС сальда было адмоўным у 2 млрд 904,1 млн долараў (у студзені-ліпені 2016 года — мінус 2 млрд 595,8 млн).
Узаемны тавараабарот з Расеяй, па даных Белстата, за сем месяцаў 2017 года склаў 17 млрд 679,6 млн долараў, павелічэнне да ўзроўню студзеня-ліпеня 2016 года — 22,8%, у тым ліку экспарт — 7 млрд 219,4 млн (+24,4%), імпарт — 10 млрд 460,2 млн (+21,7%). Адмоўнае сальда ў гандлі з Расіяй склала 3 млрд 240,8 млн долараў (у студзені—ліпені 2016 года адмоўнае сальда складала 2 млрд 788,5 млн).
Знешнегандлёвы абарот з краінамі Еўразвязу за студзень—ліпень 2017 года склаў 7 млрд 787,3 млн долараў, павялічыўшыся да ўзроўню студзеня—ліпеня 2016 года на 16,2%. Экспарт тавараў склаў 4 млрд 227,3 млн долараў, павялічыўшыся на 15,2%, імпарт — 3 млрд за 560 млн (на 17,3% больш). Сальда ў гандлі з краінамі ЕС было станоўчым і склала 667,3 млн долараў супраць 634,1 млн у студзені—ліпені 2016 года.
Экспарт у краіны па-за СНД у студзені—ліпені 2017 года вырас на 16,1% і склаў 6 млрд 200,5 млн долараў, імпарт вырас на 19,8% да 7 млрд 21,3 млн долараў. У цэлым тавараабарот вырас на 18,1% да 13 млрд 221,8 млн, а сальда было адмоўным — 820,8 млн супраць адмоўнага ў 520,9 млн долараў у студзені—ліпені мінулага года.
Раней кіраўнік Навукова-даследчага цэнтра Мізеса Яраслаў Раманчук выказаў меркаванне, што тэмпы росту знешняга гандлю таварамі Беларусі ў 15—20% да канца гэтага года наўрад ці захаваюцца.
Эксперт звязвае рост з тым, што ўрад па-ранейшаму бярэ знешнія крэдыты для фінансавання бягучых абавязацельстваў і стымулявання інвестыцыйнага росту. „За кошт гэтага ідзе фінансаванне гандлёвых патокаў, і экспарт нечакана вырас за кошт цэнавага фактару. У кароткатэрміновай перспектыве за кошт існуючых рэзерваў ў знешнім гандлі не павінна нешта істотна пагоршыцца. Толькі калі не здарыцца знешніх узрушэнняў, напрыклад дэвальвацыі расійскага рубля. Тады Расія не зможа купляць у нас прадукцыю ў такіх жа аб’ёмах па такіх жа цэнах”, — падкрэсліў Раманчук.
„Калі адбудзецца такі сцэнарый у канцы трэцяга квартала і ў чацвёртым квартале, то другое паўгоддзе ў знешнім гандлі Беларусі будзе радыкальна адрознівацца ад першага. Падрыхтоўкі да яго я з боку ўлад не бачу, урад выказваецца аптымістычна, хоць рост знешняга доўгу і стымуляванне старых дзяржпрадпрыемстваў не можа выклікаць такі аптымізм. Часовая капіталізацыя і нязначны рост ВУП — гэта не падстава для таго, каб беларуская эканоміка выйшла з рэцэсіі”, — лічыць ён.
Эксперт таксама адзначыў, што рост тавараабароту з Расеяй выкліканы найперш „анамальным ростам” экспартных цэн у параўнанні з мінулым годам. Так, экспартныя цэны на малочную прадукцыю выраслі на 65—70%, асобныя тавары сельгасмашынабудавання — у два разы. „Гэта сапраўды анамальна і выклікае сумненні ў адэкватнасьці гэтых цэн”, — лічыць Раманчук.
„Але перадумоў для нармальнага ўстойлівага рыначнага росту тавараабароту ў другім паўгоддзі я не бачу. Утрымаць рост тавараабароту ў 15—20% будзе вельмі цяжка”, — сказаў эксперт. БелаПАН