Аднаго з будаўнікоў БелАЭС знайшлі мёртвым
Аднаго з будаўнікоў Беларускай АЭС 13 жніўня знайшлі мёртвым у душавым памяшканні на будпляцоўцы атамнай станцыі, паведаміў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Ілья Басько.
„Учора, 12 жніўня, пасля працоўнага дня кранаўшчык адправіўся ў душ, — сказаў ён. — Сёння раніцай яго цела было знойдзенае работнікамі ў памяшканні душа без прыкмет жыцця. На месца здарэння выбывала следча-аператыўная група. Следчыя правялі агляд. Папярэдне ўстаноўлена, што смерць мужчыны не мае прыкмет крымінальнага характару. Для ўстанаўлення дакладнай прычыны смерці ў рамках праверкі прызначаная судова-медыцынская экспертыза”.
Раніцай 13 жніўня пра трагічнае здарэнне на будпляцоўцы БелАЭС паведаміў телеграм-канал Nexta. У паведамленні гаварылася, што загінулы — машыніст аўтамабільнага крана ААТ „Белэлектрамантажналадка”.