Аднаўленне транзіту расейскай нафты ў поўным аб’ёме магчыма да канца ліпеня



Аднаўленне транзіту расейскай нафты праз Беларусь па трубаправодзе „Дружба” ў поўным аб’ёме магчыма да канца ліпеня, у траўні транзіт складзе менш за 7 працэнтаў ад плана, паведаміў 21 траўня журналістам старшыня канцэрна „Белнафтахім” Андрэй Рыбакоў.

„На жаль, на тэрыторыі нашай краіны застаецца істотны аб’ём нафты, якая не адпавядае стандарту па хлорарганіцы, – каля 1,2 млн т, што перашкаджае як поўнай загрузцы нашай нафтаперапрацоўкі, так і транзіту нафты па магістральным нафтаправодзе. Можна сказаць, што ў траўні толькі менш за 7 працэнтаў транзіту мы забяспечым ад таго, што планавалі”, – расказаў Андрэй Рыбакоў.

Мазырскі НПЗ цяпер працуе на сваёй магутнасці па бізнес-плане, „Нафтан” загружаны толькі на 65 працэнтаў.

Паводле яго слоў, беларуска-расейская дарожная карта мерапрыемстваў па замяшчэнні на тэрыторыі Беларусі расейскай нафты, якая мае ў саставе хлорорганіку, на чыстую павінна быць рэалізавана не пазней за канец ліпеня.

„Тэрмін рэалізацыі ўсёй дарожнай карты – да канца ліпеня бягучага года. Гэта максімальны гранічны тэрмін. Ёсць тэхнічныя магчымасці па паскарэнні, але мы павінны разумець, што гэта не зусім стандартная аперацыя (рэверс. – Заўвага БЕЛТА), таму падыходзім з пэўнай доляй асцярожнасці”, – сказаў Андрэй Рыбакоў.

Паводле яго слоў, пры спрыяльных абставінах рэалізацыя мерапрыемстваў можа быць паскорана, але нязначна. У любым выпадку беларускі бок будзе прыкладаць усе намаганні, каб вырашыць сітуацыю ў больш кароткія тэрміны, запэўніў старшыня.

Рэалізацыя дарожнай карты прадугледжвае, што ў канцы ліпеня на тэрыторыі Беларусі не павінна застацца нафты з павышанай колькасцю хлорарганікі ў саставе. „Адпаведна, у нас будуць цалкам разблакіраваны як пастаўкі на нашы нафтаперапрацоўчыя заводы, так і магчымасці ў поўным аб’ёме забяспечыць транзітны паток”, – растлумачыў кіраўнік „Белнафтахіма”.

Сістэма нафтаправода „Дружба” забяспечвае пастаўкі нафты на беларускія НПЗ і транзіт нафты ў Еўропу праз Беларусь па двух напрамках – праз Польшчу і Украіну. Польшча на нявызначаны тэрмін спыніла транзіт нафты. Потым гэта зрабіла і Украіна.

Польскі ўрад заявіў, што расейскі бок павінен несці фінансавую адказнасць за пастаўкі няякаснай нафты па нафтаправодзе „Дружба”. Паводле слоў прэм’ер-міністра Польшчы Матэвуша Маравецкага, якога цытуе ТАСС, расейскія пастаўшчыкі зрабілі сур’ёзныя лагістычныя і дзелавыя памылкі, і яны павінны за гэта адказаць. Ён адзначыў, што Польшча паклапацілася аб бяспецы паставак нафты. „Мы не можам дапусціць, каб нашы заводы, трубы, уся сістэма пацярпелі з-за паставак расейскай нафты, – сказаў Маравецкі. – Цяпер вядуцца складаныя перагаворы з Расеяй, расейскімі фірмамі, і мы не адмовімся ад нашых умоў”.

Раней міністр энергетыкі РФ Аляксандр Новак запэўніваў, што прапампоўка чыстай нафты ў бок Польшчы пачнецца 20 траўня. Аднак 21 траўня міністр энергетыкі Кшыштаф Тхужэўскі звярнуўся да расейскага калегі з просьбай аб прыняцці тэрміновых мер для хутчэйшага аднаўлення паставак чыстай нафты.

belta.by