Аднаўляецца польска-беларускі водны шлях на ўчастку Днепр – Вісла



Беларусь і Польшча дамовіліся аб супрацоўніцтве ў галіне аднаўлення воднага шляху Е40 на ўчастку Днепр — Вісла. Мемарандум аб гэтым падпісаны 3 кастрычніка ў Мінску на сустрэчы міністра транспарту і камунікацый Беларусі Анатоля Сівака з міністрам інфраструктуры і будаўніцтва Польшчы Анджэем Адамчыкам і міністрам марской гаспадаркі і рачнога суднаходства Польшчы Маракам Грубарчыкам, паведамілі БелаПАН у Мінтрансе.

Перасякаючы Польшчу, Беларусь і Украіну, водная магістраль Е40 злучае парты Гданьска і Херсона па рэках Вісла, Заходні Буг, Прыпяць і Днепр, аднак сёння яе ўчастак паміж Варшавай і Брэстам непрыдатны для суднаходства. У 2014 годзе пры фінансавай падтрымцы ЕС у межах праекта „Аднаўленне магістральнага воднага шляху E40 на ўчастку Днепр — Вісла: ад стратэгіі да планавання” была створаная трансмежавая камісія, у склад якой увайшлі прадстаўнікі рэгіянальных органаў улады, міністэрстваў, навукова-даследчых інстытутаў, транспартных, лагістычных, прыродаахоўных арганізацый трох краін.

У пачатку 2015 года ў рамках праекта пачаў працу міжнародны кансорцыум пад кіраўніцтвам Марскога інстытута ў Гданьску (Польшча), мэта якога — выявіць найбольш аптымальны сцэнарый аднаўлення воднага шляху Е40.

Першапачаткова разглядалі восем сцэнарыяў аднаўлення воднага шляху, у тым ліку магчымасць „выпроствання” занадта звілістага і несуднаходнага зараз Заходняга Буга паміж Варшавай і Брэстам, аднак прыродаахоўнае міністэрства Польшчы і экалагічныя арганізацыі раскрытыкавалі гэты варыянт.

Заходні Буг у Польшчы працякае па ахоўнай прыроднай зоне Natura 2000. Маштабныя работы на рацэ могуць парушыць экасістэму. Таму спецыялісты лічаць, што больш мэтазгодна пабудаваць абходнае воднае злучэнне паміж Віслай ў Польшчы і Мухаўцом ў Беларусі.

belapan.by

Фота vesseltracker.com