Аднавіць будаўніцтва „Газпром цэнтра” ў Менску плануецца да канца 2018



Аднавіць будаўніцтва комплексу ААТ „Газпром трансгаз Беларусь” („Газпром цэнтра”) у Менску плануецца да канца гэтага года, паведаміў на прэс-канферэнцыі 8 жніўня старшыня камітэта будаўніцтва і інвестыцый Менгарвыканкама Дзмітрый Гурыненка.

„Цяпер завяршаюцца аднаўленчыя работы па палевым полі, па якім былі пэўныя пытанні. Завяршаюцца праектныя работы, пацвярджаюцца разлікі. Плануецца да канца года ўсё ж такі аднавіць будаўніцтва, ёсць запэўніванні кампаніі”, — сказаў Гурыненка.

Будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу „Газпром цэнтр” у Менску пачалося ў 2015 годзе і было закансерваванае ў канцы снежня 2016 года, хоць фактычна працы на аб’екце спыніліся яшчэ ў канцы лета. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, асноўнай прычынай прыпынення будаўніцтва стала скарачэнне фінансавання праекта з боку „Газпрома” з-за газавай спрэчкі паміж Беларуссю і Расеяй. Яшчэ адной прычынай называлі тэхнічныя праблемы, звязаныя з вышыннай часткай будынка.

Комплекс будуецца на скрыжаванні вуліцы Філімонава і праспекта Незалежнасці — там, дзе раней размяшчаўся аўтавакзал „Маскоўскі”. Плошча будоўлі складае 8,27 га. Мяркуецца, што аб’ект будзе ўключаць офісы расейскага „Газпрома”, гасцініцу, паркінг, фізкультурна-аздараўленчы комплекс і медыцынскі цэнтр. Акрамя таго, на гэтай тэрыторыі плануецца размясціць дзіцячы цэнтр развіцця і спадарожныя аб’екты гандлю і паслуг.

Першапачаткова заяўлялася, што будаўніцтва будзе завершанае ў 2018 годзе. Арыенціровачны памер інвестыцый — 900 млн долараў. Знос Маскоўскага аўтавакзала ў сувязі з будаўніцтвам „Газпром цэнтра” выклікаў незадаволенасць у шматлікіх мінчан.

На мінулым тыдні стала вядома, што будаўніцтва комплексу будзе завяршаць італьянская кампанія Codest. Інвестарам і заказчыкам будаўніцтва выступае ААТ „Газпром трансгаз Беларусь”.

„Работы на будаўнічай пляцоўцы адновяцца па меры гатоўнасці генеральнага падрадчыка”, — адзначылі ў „Газпром трансгаз Беларусь”.

Codest уваходзіць у склад групы кампаній Rizzani De Eccher. Будаўнічы холдынг працуе на рынку з 1831 года, аказвае паслугі ў краінах Усходняй Еўропы і СНД з 1984 года. У лютым 2018 года ўказам прэзідэнта № 62 тэрмін будаўніцтва „Газпром цэнтра” ў межах вуліцы Філімонава, праспекта Незалежнасці і вуліцы Макаёнка, а таксама неабходнай для яго функцыянавання інфраструктуры быў працягнуты да 2020 года. Дакумент уносіць змены ва ўказ ад 4 красавіка 2013 года № 153 „Аб пытаннях будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу ў горадзе Менску”. У адпаведнасці з новым указам узвядзенне аб’екта і яго праектаванне ажыццяўляюцца не толькі за кошт уласных і (або) прыцягнутых сродкаў інвестара — ААТ „Газпром трансгаз Беларусь”, але і (або) арганiзацыi, якая рэалізуе інвестыцыйны праект.

Інвестар і (або) арганізацыя вызваляюцца па 31 снежня 2021 году ад арэнднай платы за зямельны ўчастак, за выключэннем частак зямельнага ўчастка, занятых аб’ектамі звышнарматыўнага незавершанага будаўніцтва, якiя прызнаюцца такімі для мэтаў збірання арэнднай платы.

belapan.by