Адпрацаванае на Бел АЭС ядзернае паліва будзе адпраўляцца на перапрацоўку ў Расею
Адпрацаванае на Беларускай АЭС ядзернае паліва будзе адпраўляцца на перапрацоўку ў Расею, заявіў журналістам 15 красавіка на XI Міжнародным форуме „Атамэкспа” ў Сочы (РФ) намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк, паведамляе газета парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расеі „Союзное вече”.
„У нас прынцыпова ўсё было прапісана ў міжурадавым пагадненні [з Расіяй] па ўзвядзенні АЭС: мы вяртаем адпрацаванае паліва на расійскі бок для яго перапрацоўкі. Давайце запусцім станцыю і будзем адпрацоўваць міжурадавае пагадненне. У нас ёсць часавы калідор каля 10 гадоў”, — заявіў чыноўнік.
Міхадзюк нагадаў, што Беларусь разглядала тры варыянты абыходжання з адпрацаваным ядзерным палівам. У выніку быў абраны варыянт, які прадугледжвае назапашванне кантэйнераў з адпрацаваным палівам на працягу 10 гадоў, накіраванне яго на перапрацоўку ў Расію, а затым вяртанне і захаванне на тэрыторыі Беларусі радыеактыўных адходаў, якія засталіся пасля перапрацоўкі паліва.
Другі варыянт практычна паўтараў першую схему абыходжання з адпрацаваным ядзерным палівам за выключэннем таго, што назапашаныя кантэйнеры з адпрацоўкай павінны былі захоўвацца ў Беларусі доўгі час да накiравання на перапрацоўку ў Расію. Трэці варыянт заключаўся ў доўгатэрміновым захоўванні адпрацаванага ядзернага паліва з яго наступным захаваннем у Беларусі — без адпраўкі ў Расію.
На сустрэчы з журналістамі 15 красавіка Міхадзюк таксама паведаміў, што фізічны пуск першага энергаблока БелАЭС павінен адбыцца восенню, калі „на стадыі абкатак не будзе сур`ёзных форс-мажораў”. Паводле яго слоў, дастаўка ядзернага паліва павінна прайсці за месяц да фізічнага пуску першага энергаблока.
На этапе фізічнага пуску ў рэактар энергаблока загружаюць ядзернае паліва. Звычайна гэты працэс доўжыцца 10—15 дзён. Далей пасля серыі выпрабаванняў пачнецца энергетычны пуск — энергаблок уключаць у электрычную сетку і будуць паступова нарошчваць яго магутнасць да намінальнай.
Беларуская АЭС узводзіцца паблізу Астраўца (Гродзенская вобласць) за кошт крэдыту Расіі па тыпавым расійскім праекце ВВЭР-1200. Крэдытная лінія да 10 млрд долараў на будаўніцтва станцыі адкрыта да 2035 года.
Аляксандр Лукашэнка раней заяўляў, што, пасля перамоў у Сочы 21 верасня 2018 года з Уладзімірам Пуціным, Мінск прапаноўвае Маскве разгледзець пытанне аб працягу тэрміну вяртання крэдыту на будаўніцтва БелАЭС і зніжэнні працэнтнай стаўкі па ім.
У красавіку міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч паведаміў журналістам, што Беларусь і Расія абмяркоўваюць пытанне аб працягу тэрміну крэдыту РФ на будаўніцтва Беларускай АЭС з 25 да 35 гадоў і зніжэнні стаўкі.
Разам з тым першы віцэ-прэм`ер, міністр фінансаў РФ Антон Сілуанаў у Вашынгтоне на палях штогадовай сустрэчы Міжнароднага валютнага фонду і Сусветнага банка 13 красавіка паведаміў журналістам, што Расія пакуль не мяняла ўмоў крэдытавання будаўніцтва БелАЭС у адказ на запыт афіцыйнага Мінску аб працягу тэрміну крэдыту і зніжэнні стаўкі.
Увод у эксплуатацыю першага энергаблока Беларускай АЭС запланаваны на снежань 2019 года, другога — на ліпень 2020-га. Мяркуецца, што атамная станцыя будзе выпрацоўваць 18 млрд кВт•гадз электраэнергіі штогод.