Адпрацаванае паліва з БелАЭС пасля 10 гадоў захоўвання будуць накіроўваць у РФ
Пра гэта паведаміў начальнік ядзерна-фізічнай лабараторыі аддзела ядзернай бяспекі БелАЭС Мікіта Гуц.
„Пасля выпрацоўкі рэсурсу цеплавыдзяляльных зборак яны з актыўнай зоны рэактара будуць перамешчаныя ў сістэму прырэактарнага захоўвання адпрацаванага ядзернага паліва — так званы басейн вытрымкі. Яго ёмістасць дазваляе захоўваць адпрацаваныя цеплавыдзяляльныя зборкі на працягу 10 гадоў. Пасля гэтага адпрацаванае ядзернае паліва накіруюць на перапрацоўку ў Расею”, — распавёў Гуц. Яго каментар апублікаваны ў телеграм-канале Мінэнерга ў пятніцу.
Начальнік ядзерна-фізічнай лабараторыі аддзела ядзернай бяспекі АЭС нагадаў, што механізмы і парадак абыходжання з адпрацаванымі ЦВЗ вызначаны стратэгіяй абыходжання з адпрацаваным ядзерным палівам, зацверджанай урадам.
Як паведамлялася, у пятніцу праходзяць грамадскія слуханні перад выдачай ліцэнзіі на эксплуатацыю першага энергаблока БелАЭС. Да іх пачатку паступіла каля 70 пытанняў.
Грамадскія слуханні праводзяцца перад прыняццем канчатковага рашэння аб выдачы ліцэнзіі на прамэксплуатацыю першага энергаблока.
Беларусь завяршае будаўніцтва АЭС побач з Астраўцом у Гарадзенскай вобласці па расейским праекце „ВВЭР-1200”. Яна будзе складацца з двух энергаблокаў магутнасцю 1200 МВт кожны. Генпадрадчыкам будаўніцтва АЭС з’яўляецца група ASE дзяржкарпарацыі „Расатам”.
Фізпуск першага энергаблока станцыі адбыўся ў жніўні 2020 года. Увод у эксплуатацыю другога блока чакаецца ў першым паўгоддзі 2022 года.