Адзін з украінскіх дылераў МАЗ вырашыў адмовіцца ад прадукцыі беларускага прадпрыемства
„Мы верым, што Беларусь стане свабоднай і дэмакратычнай краінай”, — каментуе кампанія.

Адзін з найбуйнейшых украінскіх дылераў грузавога брэнда МАЗ, кампанія УкрЕўраМАЗ, адмаўляецца ад беларускай прадукцыі, піша партал Vesti.ua.
Адзначаецца, што з моманту стварэння ТАА „УкрЕўраМАЗ” прадпрыемства пазіцыянавала сябе як кампанія па продажы транспартных сродкаў Мінскага аўтамабільнага завода, а таксама тэхнікі на шасі МАЗ ад украінскіх вытворцаў.
„Мы верым, што прадукцыя МАЗ яшчэ вернецца на рынак Украіны, а Беларусь стане свабоднай і дэмакратычнай краінай. А пакуль гэта адбудзецца, мы прыступаем да новага этапу развіцця кампаніі — продажы тэхнікі ад УкрЕўраМАЗ на шасі еўрапейскіх вытворцаў. Так сёння мы атрымалі набытае шасі Renаult D і ўжо думаем, якое абсталяванне на яго ўсталяваць„, – пракаментавалі рашэнне ў кампаніі.
