Адзіная валюта з Расеяй на сёння – не актуальнае пытанне
Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу з кіраўніцай Цэнтрабанка Расеі Эльвірай Набіўлінай. Яны абмеркавалі пытанні фінансавай сферы і ўзаемадзеяння ў банкаўскім сектары дзвюх краін.
Падчас сустрэчы абмеркавалі таксама мэтазгоднасць адзінай валюты, лічбавы рубель, рэзервовыя валюты і працу ва ўмовах санкцый. На сустрэчы прысутнічаў старшыня праўлення Нацбанка Беларусі Павел Калаўр. Лукашэнка адзначыў, што ўвядзенне адзінай валюты — пытанне не сённяшняга дня. Маўляў, гэта “няпросты працэс”, і “напэўна, не сённяшняга дня, як мы дамовіліся з прэзідэнтам Расеі”, — сказаў Лукашэнка на сустрэчы.
Аператар самай вялікай у Беларусі сонечнай станцыі падаў на банкруцтва
ТАА “Солар Лэнд” было зарэгістравана ў 2015 годзе для будаўніцтва і эксплуатацыі фотаэлектрычнай станцыі. Стопрацэнтная доля ў ім належыць брытанскай фірме Сameliaside. Станцыя знаходзіцца ў Чарнобыльскай зоне. У эксплуатацыю станцыю ўвялі ў верасні 2021 года. Агульная сума інвестыцыйных затрат у праект ацэньвалася ў 170 мільёнаў даляраў.
Цяпер аператар станцыі падаў на банкруцтва, але Эканамічны суд вярнуў заяву. Officelife.media адзначае, што “Салар Лэнд” уваходзіць у спіс актываў, у якіх замежным уласнікам забаронена адчужаць свае долі без узгаднення з уладамі Беларусі.
Два беларускія брэнды ўвайшлі ў сусветны алкагольны топ 11
У The Millionaire’s Club — 2023, які аб’ядноўвае сусветных вытворцаў моцнага алкаголю, 112 і 125 месцы заняла адпаведна гарэлка Bulbash і Svayak. А ў сусветным гарэлачным субрэнкінгу яны адпаведна аказаліся на 28 і 31 пазіцыях, паведамляе Office Life. У параўнанні з мінулым годам беларускія брэнды прыкметна падраслі: Bulbash раней быў 130-м, Svayak — 149-м.
Нязменным лідарам рэнкінгу застаецца карэйскае соджу ад кампаніі Jinro. У мінулым годзе яго продаж перавысіў мяжу 100 млн 9-літровых кейсаў. У першую тройку таксама ўвайшлі філіпінскі джын Ginebra San Miguel і індыйскае віскі Mcdowell’s.
Беларускія тавары сутыкнуліся з праблемамі ў Іране праз высокія пошліны
Беларускія тавары праз высокія пошліны апынуліся не ў стане канкураваць з мясцовымі таварамі ў Іране. Пра гэта распавёў у эфіры Беларускага тэлебачання старшыня Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Міхаіл Мясніковіч. Сітуацыю павінна выправіць пагадненне паміж ЕАЭС і Іранам аб зоне свабоднага гандлю.
„Для Беларусі гэта вельмі важна, таму што ахоўныя пошліны, якія сёння дзейнічаюць у гэтай краіне, яны досыць высокія, і наша прадукцыя не можа канкурыраваць з нацыянальнымі таварамі Ірана”, — адзначыў Мясніковіч. З ягоных слоў, „мы выйшлі на 99 з лішнім працэнтаў, каб падтрымка была за кошт больш ільготнага пранікнення на рынак гэтай дзяржавы”.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: © Sputnik / Victor Tolochko