Аэрадрому Ворша выдадзены сертыфікат прыдатнасці да эксплуатацыі



Аэрадром Ворша (Віцебская вобласць) гатовы да эксплуатацыі, паведамляе дэпартамент па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый.

Сертыфікат прыдатнасці да эксплуатацыі выдадзены дэпартаментам аэрадрому 3 лістапада на падставе вынікаў тэхнічнага рэйса і рашэння сертыфікацыйнай камісіі.

Тэхнічны рэйс быў выкананы 2 лістапада на самалёце Boeing 737-500 авіякампаніі „Белавія”. У рэйсе ўзяў удзел дырэктар дэпартамента па авіяцыі Арцём Сікорскі з мэтай праверкі гатоўнасці да эксплуатацыі аэрадрома, а таксама ацэнкі якасці працы ўсіх службаў аэрадрома.

Паводле вынікаў выканання тэхнічнага рэйса падпісаны акт аб адпаведнасці характарыстык аэрадрома, яго абсталявання і сродкаў забеспячэння палётаў сертыфікацыйным патрабаванням.

Аэрадром Ворша можа прымаць розныя тыпы паветраных судоў, у тым ліку шырокафюзеляжныя, такія як А-330, А-340, В-747, В-767, а таксама верталёты ўсіх тыпаў у любы час сутак.

Як паведамлялася, аэрадром Ворша знаходзіцца за 12 кіламетраў ад райцэнтра — у гарадскім пасёлку Балбасава. У савецкі час на аэрадроме базаваліся стратэгічныя бамбавікі. Да нядаўняга часу аэрадром выкарыстоўваўся толькі для патрэб Аршанскага авіярамонтнага завода. Аднак у 2017 годзе аэрадром адкрылі і для міжнародных грузавых авіярэйсаў. На яго рэканструкцыю з капітальным рамонтам узлётна-пасадачнай паласы, рэканструкцыяй рулёжных дарожак і ўзвядзеннем аб’ектаў дапаможнага прызначэння ў 2018—2020 гадах выдзяляліся валютныя крэдыты Банка развіцця.

Аэрадром Ворша разглядаецца авіяцыйнымі ўладамі Беларусі як запасны для нацыянальнага аэрапорта Менск і, згодна з планамі, павінен стаць буйным грузавым хабам.

„Там ствараюцца значныя і досыць магутныя лагістычны цэнтр і вытворчы кластар. Інвестар жа заўсёды прыходзіць да пэўнай транспартнай даступнасці. Аэрадром Ворша мае гэтую даступнасць і можа называцца мультымадальным, зыходзячы з таго, што там забяспечваюцца паветраныя зносіны, чыгуначныя і аўтамабільныя”, — адзначыў дырэктар дэпартамента па авіяцыі Арцём Сікорскі ў жніўні ў эфіры тэлеканала СТВ.

„Сёння паветраныя судны, якія эксплуатуюцца грамадзянскай авіяцыяй, дазваляюць забяспечваць дастаўку грузаў у любы пункт свету. У грамадзянскай авіяцыі эксплуатуюцца самалёты Boeing 747. У выпадку дрэнных метэаўмоў або іншых умоў, пры якіх самалёт не можа ажыццявіць пасадку ў нацыянальным аэрапорце Менск, іншых запасных да цяперашняга часу ў яго не было. Таму самалётам даводзілася выходзіць альбо ў Прыбалтыку, альбо ў Расею, Украіну, Польшчу. Для такіх тыпаў паветраных суднаў узлётна-пасадачная паласа ў Воршы дае дадатковыя магчымасці для ажыццяўлення бяспечных узлёту і пасадкі”, — растлумачыў Сікорскі.

belapan.by