Афіцыйна беспрацоўных у Гародні каля 3 500 чалавек (абноўлена)
Афіцыйная колькасць беспрацоўных у Гародні набліжаецца да лічбы 3 500 чалавек. Гэты паказчык перавышае мінулагодні амаль на 1000. Штодзень у гарадскім Цэнтры занятасці на ўлік становіцца прыкладна 50 чалавек. Конкурс на адно працоўнае месца – тры асобы, што па словах намесніка начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гарадзенскага гарвыканкама Жанны Краўцовай, яскрава сведчыць аб няпростай сітуацыі на рынку працы абласнога цэнтра, якая склалася пасля прыняцця дэкрэта “аб дармаедах”:
– Карпатлівая праца па працаўладкаванні – гэта ўжо ёсць уцягненне незанятых грамадзянаў горада Гародні ў працоўную дзейнасць. У нас наладжана ўзаемадзенне з работнікамі Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання, РАУС, УЖРЭП Ленінскага і Кастрычнікага раёнаў адносна грамадзянаў, якія не задзейнічаны ў афіцыйнай працоўнай занятасці. Мы з імі працуем.
Пераважную большасць гарадзенскіх беспрацоўных складаюць мужчыны сярэдняга ўзросту. Найбольш часта працадаўцы прапануюць месцы працы, на якой сярэдні заробак не перавышае 3 – 4 мільёны беларускіх рублёў.
* * *
З моманту прыняцця дэкрэта прэзідэнта Беларусі “аб дармаедах” у падатковай інспекцыі Гародні ў якасці індывідуальных прадпрымальнікаў зарэгіставалася больш дзевяцісот чалавек. У асноўным гэта людзі будаўнічых спецыяльнасцей і спецыяльнасцей, звязаных з рамонтам самаходаў, якія ажыццяўляюць прыватныя замовы. У той жа час недахоп працоўных месцаў змушае жыхароў абласнога цэнтра звяртацца ў Цэнтар занятасці, які па словах намесніка начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гарадзенскага гарвыканкама Жанны Краўцовай, не ў стане забяспечыць запатрабаванасць па некалькіх прычынах:
– Наймальнікі ў плане прыёму работнікаў не вельмі актыўныя, назіраецца значнае зніжэнне вакансій. У структуры попыту на працоўную сілу 15% складае попыт на некваліфікаваную працоўную сілу – гэта грузчыкі, падсобныя рабочыя, дворнікі, санітаркі.
Гарадзенскія ўлады абяцаюць да канца года стварыць 4 000 новых працоўных месцаў і такім чынам зняць напружанасць на рынку працы. Галоўнымі працадаўцамі павінны стаць прадпрыемствы перапрацоўкі мяса і малака, а таксама гандлёвыя цэнтры, якія будуюцца ў Гародні.
Беларуская Радыё Рацыя