Афіцыйнае беспрацоўе ў Менску за год вырасла ўтрая
Колькасць зарэгістраваных у Менску беспрацоўных на канец лістапада 2015 года склала 6,6 тыс. чалавек, або 0,6% эканамічна актыўнага насельніцтва, паведамляе камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Менгарвыканкама.
Як паведамлялася раней, на канец лістапада 2014 года колькасць беспрацоўных у Менску складала 2,2 тыс. чалавек, беспрацоўе – 0,2%. Такім чынам, за год колькасць беспрацоўных у сталіцы вырасла ўтрая.
У эканоміцы Менска ў лістападзе 2015 года былі занятыя 1 млн. 80 тыс. чалавек (у лістападзе 2014-га – 1 млн. 79,8 тыс.).
Арганізацыямі (без суб’ектаў малога прадпрымальніцтва) у лістападзе 2015 года было прынята на працу 12,6 тыс. чалавек (1,9% сярэднямесячнай колькасці), у тым ліку на дадаткова ўведзеныя працоўныя месцы – 1,2 тыс. чалавек, або 9,7% ад агульнай колькасці прынятых.
Звольненыя з-за розных прычын 13,8 тыс. чалавек (2,1% сярэднямесячнай колькасці), з іх 3,7% былі звольненыя за прагул і іншыя парушэнні працоўнай дысцыпліны, 0,7% – у сувязі са скарачэннем колькасці або штату работнікаў, ліквідацыяй арганізацый.
Каэфіцыент замяшчэння работнікаў (адносіны колькасці прынятых да колькасці звольненых) у лістападзе 2015 года склаў 0,914 (у лістападзе 2014 года – 1.064).