Афіцыйная прыёмка завода „БелДжы” – у сярэдзіне чэрвеня
Афіцыйная прыёмка ў эксплуатацыю завода па вытворчасці аўтамабіляў „БелДжы” павінна адбыцца не пазней за сярэдзіну чэрвеня. Пра гэта гаворыцца ў пастанове ўрада ад 25 красавiка № 322.
„Устанавіць, што прыёмка ў эксплуатацыю аб’екта „Будаўніцтва завода па вытворчасці легкавых аўтамабіляў у раёне аграгарадка Перасады Барысаўскага раёна” ажыццяўляецца прыёмачнай камісіяй <…> у парадку, устаноўленым заканадаўствам для аб’ектаў, узвядзенне якіх скончана i якія падрыхтаваныя да эксплуатацыі. Названай прыёмачнай камісіі завяршыць працу не пазней як 15 чэрвеня 2018 года”, — гаворыцца ў дакуменце.
Старшынёй прыёмачнай камісіі прызначаны міністр прамысловасці Віталь Воўк.
Выступаючы са штогадовым пасланнем парламенту і народу 24 красавіка, Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў ход рэалізацыі шэрагу буйных інвестыцыйных праектаў. „Дайшлі ўжо да таго, што выконваць абавязкі дырэктара і раскручваць запушчаны аўтамабільны завод „БелДжы” ў Барысаве накіраваны першы намеснік міністра прамысловасці (Генадзь Свідзерскі. — БелаПАН.)”, — абурыўся кіраўнік дзяржавы.
Цяпер на заводзе „БелДжы”, які адкрыўся з удзелам Лукашэнкі ў лістападзе мінулага года, з канвеера сыходзіць адна мадэль — Geely Atlas (NL-3). У залежнасці ад камплектацыі кошт красовера складае ад 34,5 да 48 тыс. рублёў.
З моманту запуску „БелДжы” ўжо накіраваў у Расею 500 аўтамабіляў Geely, у Беларусі прададзена больш за 300 машын. У другім квартале плануецца паставіць яшчэ 2,5 тыс. машын у Расею. У Беларусі з улікам старту праграмы крэдытавання плануецца рэалізаваць сёлета не менш як 2 тыс. адзінак. Між тым заяўленыя магутнасці вытворчасці складаюць 60 тыс. машын у год, у перспектыве іх плануецца нарасціць да 120 тыс.
Згодна з інвестыцыйным пагадненнем завод „БелДжы” павінен давесці ў 2018 годзе лакалізацыю вытворчасці да 50%.
Беларуска-кітайскае СЗАТ „БелДжы”, якое выпускае легкавыя аўтамабілі пад маркай Geely, створана ў 2011 годзе. Акцыянерамі з’яўляюцца ААТ „БелАЗ” (52,49%), Zhejang Jirun Automobile Co. Ltd. (33,35%), СЗАТ „Саюзаўтатэхналогіі” (6,47%), CITIC International Investment Limited (4,96%), ААТ „БАТЭ” (2,7%).
belapan.by