Афіцыйны Менск рыхтуе “санкцыі ў адказ” і страшыць Захад “эканамічнай вайной”



Як там спяваў Уладзімір Высоцкі, “не пройдзе і паўгода”. Але ў нашым выпадку не прайшло і сутак, як улады Беларусі адказалі на новы, чацвёрты, пакет санкцый Еўразвязу, а таксама Вялікабрытаніі, ЗША, Канады і Украіны. Адказалі як умелі, а таму першымі пад контрсанкцыі трапілі два паспяховыя ў Беларусі бізнесы: “21vek” і “Юркас”. 22 чэрвеня спачатку стала вядома, што сілавікі прыйшлі ў “21 vek” — найбуйнейшую інтэрнэт-краму Беларусі. Быў затрыманы адзін з сузаснавальнікаў Павел Матусевіч. Варта зазначыць, што доля “21vek” на рынку інтэрнэт-гандлю Беларусі летась складала не менш за 37 працэнтаў па ацэнцы deal.by. Абарот жа перавышаў 310 мільёнаў даляраў. Анлайн-гіпермаркет пракаментаваў сітуацыю вакол пляцоўкі, зазначыўшы, што пакуль яны не ведаюць падрабязнасцяў, але працягваюць працаваць і прымаць заявы, і прапануюць выбраць любы з больш як 600 тысяч тавараў. Таксама сілавікі ў масках увайшлі ў адну з найбуйнейшых дзвярных кампаній Беларусі “Юркас”, заснавальніка кампаніі Дзмітрыя Юркевіча звезлі. Паводле непацверджанай на ўчарашні вечар інфармацыі, у “Юркасе” працаваў Дэпартамент фінансавых расследаванняў. Тут застаецца звярнуцца да чорнага гумару: “У вашу кампанію яшчэ не прыйшлі сілавікі? А вы ўпэўнены, што ў вас паспяховая кампанія?”. А ўвогуле прасочваецца наступная логіка: “бі сваіх, каб чужыя баяліся”.

Адазваўся і прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка, які прыстрашыў і захад санкцыямі ў адказ. Маўляў, мы зараз усё вывучым і прыдумаем, як адрэагаваць. Яшчэ ў траўні прэм’ер гаварыў, што падрыхтаваны розныя варыянты дзеянняў: “ад эмбарга на ўвоз тавараў – да абмежавання транзіту”. У Міністэрстве замежных спраў Беларусі пайшлі яшчэ далей, заявіўшы амаль пра пачатак “эканамічнай вайны”, ды папракнулі Захад тым, што 80 гадоў таму нейкая “аб’яднаная Еўропа” на чале з гітлераўскай Германіяй напала на Савецкі Саюз. А цяпер тая ж “нехарошая Еўропа” уводзіць санкцыі. І гэты хаос выказванняў і думак з’явіўся толькі пасля не вельмі сур’ёзнага пакету санкцый, які з большага ўсе асобы і кампаніі, якія трапілі ў “чорныя спісы”, змогуць перажыць. Страшна падумаць, што будзе калі ўжо бліжэйшымі днямі мы дазнаемся пра сутнасць сектаральных санкцый, якія маюць ахапіць у тым ліку нафтахімію і калійную вытворчасць, калі гэта забаліць рэжыму не толькі маральна, але і фінансава. Адзінае, што і грамадзянам Беларусі варта быць падрыхтаванымі да цяжкіх наступстваў гэтай сітуацыі, у тым ліку да знішчэння чарговых бізнесаў у якасці помсты рэжыму за дастаўленыя яму нязручнасці.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя