Афіцыйныя дылеры павялічылі продаж легкавых аўтамабіляў на 13%



У першым паўгоддзі аўтадылеры павялічылі продаж легкавых аўтамабіляў і лёгкіх камерцыйных аўтамабіляў на 13% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, паведамляе Беларуская аўтамабільная асацыяцыя (БАА).

У першым паўгоддзі афіцыйныя аўтадылеры прадалі на ўнутраным рынку 13.591 машыну. Найбольшай папулярнасцю карысталіся аўтамабілі Renault — за першае паўгоддзе іх было прададзена 4.502 адзінкі (на чвэрць больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года).

Другое месца па колькасці рэалізаваных аўтамабіляў у першым паўгоддзі займае Volkswagen — 2.153 аўтамабілі (рост на 4% больш).

У тройку лідараў беларускага аўтамабільнага рынку ўвайшла і расійская Lada — за першае паўгоддзе продаж машын гэтага брэнда вырас на 23%, да 1.344 адзінак.

У 2016 годзе аб’ём беларускага рынку новых аўтамабіляў склаў 33,6 тыс. адзінак, з якіх афіцыйнымі дылерамі было прададзена 24.165 легкавых і 2.346 лёгкіх камерцыйных аўтамабіляў. Астатні аб’ём прыйшоўся на неарганізаваны ўвоз з Расіі.

Эксперты адзначаюць, што найбольшым попытам на беларускім рынку карыстаюцца бюджэтныя аўтамабілі. „Тэндэнцыя такая, што беларускі аўтарынак сёння ўсё больш і больш скочваецца да сегмента танных машын, і гэтая тэндэнцыя — па сутнасці, агульнасусветная тэндэнцыя, дзе лідарамі продажу таксама з’яўляюцца бюджэтныя аўтамабілі”, — адзначаў раней старшыня праўлення Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі Сяргей Міхневіч.

Як лічаць у БАА, пазітыўным фактарам для беларускага аўтарынку можа стаць фінансавая стабілізацыя, якая назіраецца апошнім часам дзякуючы палітыцы Нацбанка. „Яшчэ два гады таму нашы пакупнікі не маглі сабе ўявіць — а дылеры не маглі сабе дазволіць — такія інструменты, як лізінг для фізічных асоб, адтэрміноўка плацяжу на некалькі гадоў, прычым без павелічэння кошту аўтамабіля. Сёння гэтыя фінансавыя інструменты дасягаюць 40% у аб’ёме продажу”, — канстатаваў Міхневіч.