Агенцтва Standard & Poor’s пацвердзіла крэдытны рэйтынг Беларусі з негатыўным прагнозам



Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Standard & Poor’s (S&P Global Ratings) правяло чарговую ацэнку суверэннага крэдытнага рэйтынгу Беларусі, паводле вынікаў якой доўгатэрміновыя і кароткатэрміновыя суверэнныя крэдытныя рэйтынгі па абавязацельствах у замежнай і нацыянальнай валюце засталіся без змен на ўзроўні B і захавалі „негатыўны” прагноз.

„Рэйтынгі Беларусі, на думку агенцтва, падтрымліваюцца ўмераным узроўнем дзяржаўнага доўгу, гнуткім рэжымам валютнага курсу і фінансавай падтрымкай з боку Расеі”, — гаворыцца ў паведамленні Мінфіна.

Захаванне негатыўнага прагнозу, удакладняе міністэрства, адлюстроўвае пазіцыю S&P адносна рызык для фінансавай стабільнасці банкаўскай сістэмы, з улікам частковага адтоку дэпазітаў у 2020 годзе і павышанага попыту на замежную валюту.

Рэйтынгі стрымліваюцца ўразлівымі пазіцыямі плацежнага балансу і бюджэту, а таксама абмежаванай гнуткасцю грашова-крэдытнай палітыкі, паведамляе Мінфін.

„На думку аналітыкаў, санкцыі, абвешчаныя ЕЗ, няўстойлівыя настроі ў дачыненні да рынкаў, якія развіваюцца, і няпэўныя эканамічныя перспектывы, у тым ліку з-за пандэміі COVID-19, могуць адбіцца на доступе Беларусі да замежных рынкаў капіталу ў найбліжэйшыя месяцы”, — расказвае Мінфін аб пазіцыі міжнароднага рэйтынгавага агенцтва.

Асацыяваны дырэктар Standard & Poor’s Максім Рыбнікаў раней у каментары БелаПАН адзначыў, што палітычныя падзеі ўзмацняюць эканамічныя рызыкі ў Беларусі. Агенцтва прагназуе, што рост эканомікі Беларусі ў 2021 годзе складзе 0,5%.

Нагадаем, афіцыйны прагноз урада на 2021 год прадугледжвае, што беларуская эканоміка вырасце на 1,8%. Паводле вынікаў студзеня—лютага гэтага года рост ВУП склаў 0,8%.

belapan.by