Акумулятарны завод пад Берасцем запусцяць ў 2-ім квартале?



Акумулятарны завод ТАА „АйПаўэр” пад Берасцем плануюць увесці ў эксплуатацыю ў другім квартале гэтага года. Пра гэта паведаміў 14 красавіка на анлайн-прэс-канферэнцыі дырэктар кампаніі Дзмітрый Бутаў.

Ён нагадаў, што 8 красавіка было атрымана станоўчае заключэнне дзяржаўнай экалагічнай экспертызы праектнай дакументацыі па заводзе з унесенымі зменамі і дапаўненнямі.

Паводле слоў Бутава, цяпер кампанія чакае станоўчае рашэнне будаўнічай экспертызы, працуе над атрыманнем дазволу на выкіды ў Берасцейскім абласным камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

„Далей мы падаем заяву на адмену распараджэння старшыні Берасцейскага аблвыканкама аб прыпыненні будаўніцтва. Потым пераходзім да пусканаладачных работ: запуску тэхналагічнага абсталявання, падрыхтоўкі да пацвярджэння праектных паказчыкаў працы. У працэсе пусканаладачных работ будзем праводзіць інструментальныя вымярэнні для пацвярджэння праектных паказчыкаў працы ўсіх крыніц выкідаў, — дапоўніў дырэктар кампаніі. — Далей прызначаем прыёмачную камісію і атрымліваем заключэнне аб адпаведнасці закончанага аб’екта будаўніцтва патрабаванням праектнай дакументацыі і бяспекі. Атрымліваем заключэнні Мінпрыроды, органаў Дзяржбуднагляду для прыёмкі ў эксплуатацыю. Апошні этап: падпісанне акта прыёмкі аб’екта ў эксплуатацыю прыёмачнай камісіяй”.

Акумулятарны завод ТАА „АйПаўэр” пабудаваны на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у СЭЗ „Брэст”. На заводзе плануецца наладзіць поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Берасця і Берасцейскага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта.

У чэрвені 2019 года Берасцейскі аблвыканкам прыпыніў будаўніцтва завода „да ліквідацыі выяўленых парушэнняў”, а абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя прыпыніў дазвол прадпрыемству на выкід забруджвальных рэчываў у атмасферу.

У ліпені праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэнне дзяржаўнай экалагічнай экспертызы. У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала падача недакладных дадзеных.

У жніўні праектная дакументацыя акумулятарнага завода была паўторна пададзеная на дзяржаўную экалагічную экспертызу.

У верасні стала вядома, што кампанія адклікала праектную дакументацыю акумулятарнага завода з дзяржаўнай экалагічнай экспертызы „па прычыне неабходнасці ўсебаковага і больш поўнага адлюстравання інфармацыі аб унесеных зменах”.

У гэтым жа месяцы Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання Брэсцкай крэпасці заявіў, што ён „на баку людзей”, якія занепакоеныя праблемамі, звязанымі з уводам у эксплуатацыю акумулятарнага завода. Паводле слоў Лукашэнкі, неабходна даць мясцовым жыхарам права правесці экспертызу будаўніцтва прадпрыемства. „Толькі яны будуць вырашаць, ці быць гэтаму заводу і якім будзе гэты завод”, — падкрэсліў ён.

24 лютага 2020 года праектная дакументацыя акумулятарнага завода пасля карэкціроўкі была пададзеная на дзяржаўную экалагічную экспертызу. 24 сакавіка прэс-служба 1AK-Group, у якую ўваходзіць „АйПаўэр”, паведаміла, што Цэнтр экалагічных экспертыз ацаніў разлікі, прыведзеныя ў праекце, як празмерныя, выкананыя з вялікім запасам. ТАА „НПФ „Экалогія”, якое з’яўляецца генеральным праекціроўшчыкам, адклікала пакет дакументаў, выканала дапрацоўку і падало іх у Рэспубліканскі цэнтр дзяржаўнай экалагічнай экспертызы і павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў Мінпрыроды.

belapan.by