Акумулятарны завод пад Берасцем рыхтуюць да кансервацыі



Скандальна вядомы акумулятарны завод “АйПаўэр” пад Берасцем рыхтуюць да кансервацыі. Пра гэта даведаўся праваабаронца Раман Кісляк.

Па яго словах, якія перадае mediabrest.by, апошнія два дні з завода актыўна нешта вывозяць. У СЭЗ “Брэст” распавялі, што будынак рыхтуюць да кансервацыі, і з яго вывозяць сыравіну і паўфабрыкаты. Неўзабаве павінен быць падрыхтаваны праект кансервацыі.

Максімальны тэрмін кансервацыі — тры гады. Далейшы лёс прадпрыемства пакуль невядомы. Забудоўшчык павінен вярнуць у абласны інвестыцыйны фонд сродкі, вылучаныя на прадпрыемства, бо не здолеў запусціць завод у запланаваны тэрмін. Пры гэтым амаль два гады берасцейцы змагаліся супраць будаўніцтва акумулятарнага завода, які, на іх думку, істотна сапсаваў бы экалагічную сітуацыю ў рэгіёне.