Алег Таргонскі адказаў Івану Бедку
Масавага скарачэння работнікаў на Слонімшчыне да канца года не плануецца. Аб гэтым паведаміў старшыня Слонімскага райвыканкама Алег Таргонскі, які даслаў адказ на імя слонімца Івана Бедкі на калектыўны зварот. Гэты зварот 6 ліпеня Іван Бедка адправіў у адміністрацыю прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у Савет міністраў Беларусі, у Гарадзенскі аблвыканкам і Слонімскі райвыканкам, які падпісалі больш за 200 слонімцаў супраць дэкрэту пра дармаедства і за стварэнне працоўных месцаў з годнымі заробкамі ў Слоніме. Подпісы сабралі сябры грамадскай ініцыятывы “Народны кантроль” і проста слонімцы.
Алег Таргонскі
У адказе спадар Таргонскі паведаміў, што “па прычыне ліквідацыі арганізацый, скарачэння колькасці ці штату работнікаў за прайшоўшы перыяд 2015 года ў Слонімскім раёне звольнена 15 чалавек ці 0,7 % ад усёй колькасці звольненых. На 1 ліпеня 2015 года ў Слонімскім раёне колькасць заяўляных наймальнікамі ў службу занятасці вакансій узрасло і склала 269 адзінак ці 138, 7 % ад колькасці вольных рабочых месцаў на 1 студзеня 2015 года. Напружанасць на рынку працы ў раёне склала 1,3 беспрацоўных на адну вакансію. На працягу 2015 года ў Слонімскім раёне планавалася стварыць 157 новых рабочых месцаў. У першым паўгоддзі 2015 года ў арганізацыях раёна створана 130 новых рабочых месцаў і работа ў гэтым накірунку працягваецца…”.
Іван Бедка
Слонімскі каардынатар аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Іван Бедка так пракаментаваў лічбы, прыведзеныя Алегам Таргонскім: “Калі 10-15 гадоў таму ў Слоніме існавалі такія буйныя прадпрыемствы, як камвольна-прадзільная фабрыка, дзе працавалі каля трох тысяч рабочых, то цяпер – каля 800 чалавек. Аўтарамонтны завод перастаў існаваць, сельгастэхніка – спыніла дзейнасць, фабрыку “Тэкстыльшчык” развалілі, фабрыку пуха-пер’евых вырабаў знішчылі, на маторарамонтным заводзе – нашмат зменшана колькасць працоўных, на кардонна-папяровым заводзе працавала 1300, зараз працуе каля 1000 рабочых, а нядаўно зноў аб’явілі аб скарачэнні 200 чалавек. На фабрыцы мастацкіх вырабаў таксама зменшана колькасць працоўных. Абсалютна на кожным прадпрыемстве адбываецца змяншэнне працоўных месцаў. Цяпер развальваюць ДРСУ-191(сёння гэта ВУ-119): скарачаюць працоўныя месцы, разцягваюць тэхніку, не хапае паліва. Такая ж доля чакае хутка і Слонімскую нафтабазу”.
Вольга Рагозік, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім.