Алег Волчак: Жураўкова за махінацыі з цукрам не сядзела наогул



Кіраўнік цэнтра “Прававая дапамога насельніцтву” і былы следчы пракуратуры Алег Волчак выказаўся наконт “цукровай справы”.

Учора па БТ паказалі фільм, у якім было заяўлена, што дырэктары чатырох беларускіх цукровых заводаў нібыта ўступілі ў злачынную змову з кіраўніком Беларускай цукровай кампаніі ў Маскве, а таксама прадстаўніком расейскіх камерцыйных структур.

Сцвярджалася, што хабары плацілі за арганізацыю адгрузкі беларускага цукру ад Беларускай цукровай кампаніі ў адрас пэўных папярэдне ўзгодненых камерцыйных структур. Штогод сумы хабараў лічыліся сотнямі тысяч даляраў ЗША.

Алег Волчак: Найперш трэба ўспомніць, што ў 2001 годзе Галіна Жураўкова, якая ўзначальвала ўпраўленне справамі прэзідэнта, таксама трапіла пад следства і была затрыманая, у тым ліку, і праз махінацыі з цукрам. Наколькі вядома, яе судзілі за тое, што яна ў злачынных мэтах выкарыстала права на імпарт, перапрацоўку цукру-сырца, а таксама оптавую рэалізацыю цукру ў Беларусь. Гаворка ішла і пра так званыя ”адкаты”. Грошы выводзіліся з краіны на афшорныя фірмы. Праўда, Жураўкова тады наогул не сядзела ў турме, яе Лукашэнка памілаваў.

Але я хачу сказаць, што і сёння такія схемы не змяніліся. Амаль дваццаць гадоў з таго часу прайшло, а засталіся і “адкаты”, і так званыя “фірмы-пракладкі”, бачым, што ў гэтых схемах задзейнічаны блізкія кіраўнікоў прадпрыемстваў, а “юрыдычнае суправаджэнне” аказваюць высокія начальнікі з упраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю.

РР: Затрыманага па “цукровай справе” былога начальніка гэтага ўпраўлення Уладзіміра Ціхіню называюць легендай і галоўным змагаром са злодзеямі ў законе ў 90-я гады…

Алег Волчак: А яшчэ Ціхіня вельмі “шчыльна” займаўся справай Мікалая Аўтуховіча, якога, у рэшце рэшт, кінулі за краты. Да яго было тады вельмі шмат пытанняў, мы пісалі скаргі на Ціхіню.

І, як бачым, ад турмы не варта нікому заракацца. Чалавек аказваецца не толькі змагаўся з арганізаванай злачыннасцю, але, калі верыць той інфармацыі, што агучыла КДБ, і сабе зарабляў “крыху” на старасць.

РР: Прагучала таксама, што схема з “адкатамі” па цукры дзейнічала не адзін месяц, але фігурантам справы не нанеслі папераджальны ўдар. Чаму?

Алег Волчак: Мяркую, што асобных фігурантаў раней схілілі да супрацоўніцтва, а таму і зрабілі паузу, каб выкрыць усіх. І не выключаю, што рабілі захады, каб вярнуць грошы, якія, магчыма, былі пераведзены на замежныя рахункі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота dw.com