Алена Кустус: Людзям лепш паесці, чым купіць адзенне
Берасцейская прадпрымальніца Алена Кустус распавяла пра ўмовы, у якіх працуюць зараз ІП-эшнікі ў рэгіёнах.
Алена Кустус: Нягледзячы на тое, што зараз набліжаюцца навагоднія святы, пакупніцкая здольнасць насельніцтва не вельмі ўзрасла, а таму кліентаў не так і шмат. Тлумачыцца проста – усе пачынаюць рыхтавацца да святаў. Людзям лепш паесці, чым купіць адзенне. Таму пакупнікоў бачым вельмі і вельмі рэдка.
РР: А прадстаўнікоў правяраючых органаў?
Алена Кустус: Здараецца, што Дзяржстандарт наведваецца з нагоды маніторынга па маркіроўцы тавара. Часам з’яўляюцца і праверкі, але гэта хутчэй выключэнне, чым правіла. Тым больш, што і прадпрымальнікі ж плацяць падаткі.
РР: Якія спадзяванні на наступны год?
Алена Кустус: Чалавек заўсёды спадзяецца на лепшае. Зараз быў прэзентаваны “Народны праект”, можа быць ён зацікавіць улады… Мы ж не адмаўляемся плаціць падаткі і заўсёды гатовы працаваць. Я, напрыклад, хварэю, але ведаю, што мне ўсё роўна трэба выходзіць на працу, бо там мой заробак. Гэта дзяржава называе нас спекулянтамі, а насамрэч усе ІП-эшнікі – трудаголікі.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота people.onliner.by