Алена Кустус: На 80 адсоткаў знізіліся продажы
Берасцейская прадпрымальніца Алена Кустус распавяла пра тое, як працуецца ІП-эшнікам у сёняшніх умовах.
Алена Кустус: З-за сітуацыі з эпідэміяй у разы знізіліся продажы – адсоткаў на 80. Людзей вельмі мала прыходзіць, няма паставак новых тавараў, таму ўсе распрадаюць астаткі, якія маюць.
Напісалі заяву на зніжэнне арэнды, і ўласнік пайшоў насустрач. Аплату арэнды знізілі, хаця зніжэнне і не вельмі вялікае. Але гэта хоць нешта. А вось што будзе ў траўні – гэта ўжо пытанне. Бо калі будзе такая пакупальніцкая здольнасць, то ў наступным месяцы наогул не мае сэнсу выходзіць на працу. Трэба будзе проста закрывацца, бо не пацягнем ні арэнду, ні іншыя плацяжы – камунальныя і іншыя падаткі.
РР: Самі прадпрымальнікі не ідуць на самаізаляцыю?
Алена Кустус: Некаторыя пайшлі, асобныя месцы закрытыя. Мы ўсе баімся захварэць, але што рабіць? Рызыкуем, каб нейкім чынам пракараміць сям’ю, але адсоткаў 20 не працуюць наогул.
РР: Працуеце ў масках?
Алена Кустус: У масках і пальчатках, але ўсё самім даводзіцца знаходзіць, нам гэта не даюць. Я, напрыклад, маю дзве маскі – у адной пахадзіла 2-3 гадзіны і змяняю яе на іншую. Дадому прыйшла, усё пракіпяціла і на наступны дзень ізноў іх апранаю.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя