Алена Кустус: Прадпрымальнікі збіраюцца выходзіць на працу толькі ў выхадныя дні
Берасцейская прадпрымальніца Алена Кустус распавядае, як сёння працуецца прадстаўнікам малога бізнесу, і да чаго яны рыхтуюцца ў бліжэйшыя час.
18 траўня РГА “Перспектыва” ізноў збіраецца правесці ў Менску Форум прадпрымальнікаў, на якім будуць разглядацца праблемы ІП-эшнікаў. Чым жыве зараз малы бізнес?
Алена Кустус: Па новаму ўказу падаткі зараз плацім з павышаным каэфіцыентам. Хто знаходзіць тавар з дакументамі, той увозіць яго так. Адным словам, працуем пакуль па правілах дакумента, якія рэгламентуе нашу дзейнасць. Праўда, з ліпеня каэфіцыент будзе павышацца, таму нават не ведаю, як людзі будуць выжываць. Мы ўжо зараз ледзь цягнем падаткі і свой бізнес. Падаткі і арэнда забіраюць вельмі шмат грошай. Летам кошты на рынках падаюць, таму прадпрымальнікам складана выплочваць усё зборы.
РР: Што будзе летам? Як збіраецеся працаваць?
Алена Кустус: Некаторыя будуць выходзіць на працу толькі ў выхадныя дні. У такім выпадку трэба будзе заплаціць толькі палову ўсіх падаткаў.
РР: Пакуль падаткавікі праверкамі не данімаюць?
Алена Кустус: Шчыра скажам – турбуюць не асабліва. Але што будзе з ліпеня? Пакуль працуем на астатках, а тут не патрэбны сертыфікаты… Але працаваць вельмі складана. Колькі часу працягнем – невядома.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота s13.ru