Алесь Аляхновіч: Беларусь чакае цяжкі эканамічны сцэнар



Сярэднетэрміновая перспектыва развіцця эканомікі Беларусі пры рэжыме Лукашэнкі выглядае адмоўнай.

Ацэнку сітуацыі даў віцэ-прэзідэнт CASE-Belarus, дарадца Святланы Ціханоўскай па эканамічных пытаннях Алесь Аляхновіч:

– Яна кепская не толькі для Беларусі, яна таксама кепская на фоне іншых краін, якія будуць за гэты час вельмі хутка развівацца. Таму без змены ўлады, без эканамічных рэформ, на жаль, нас чакаюць кепскія перспектывы. За тры гады беларуская эканоміка вырасце на 0,6 працэнта. Для параўнання, польская эканоміка вырасце на 14 працэнтаў. І калі да гэтага дадаць яшчэ тыя дзесяцігоддзі, страчаныя для Беларусі, нашыя больш паспяховыя суседзі – Польшча, Літва, Латвія за гэты перыяд выраслі ад 30 да 50 працэнтаў, і калі дадаць гэтую бліжэйшую сярэднетэрміновую перспектыву, то мы ўбачым, што ствараюцца вельмі выразныя перадумовы для міграцыі з Беларусі.

На думку Алеся Аляхновіча, галоўнае багацце Беларусі – гэта чалавечы капітал унутры краіны і беларуская дыяспара. Ва ўмовах рэжыму Лукашэнкі ў грамадстве будзе павялічвацца не толькі палітычная, але і эканамічная міграцыя.

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя