Алесь Аляхновіч: У Расеі і Беларусі розныя структуры эканомікі
Журналіст Радыё Рацыя пагутарыў з прадстаўніком Святланы Ціхановіч па эканамічных рэформах, віцэ-прэзідэнтам аналітычнага цэнтру CASE-Belarus Алесем Аляхновічам.
РР: Лукашэнка збіраецца 22 красавіка ў Маскву. Перад гэтым тэрмінова ў Менск прыязджаў расейскі прэм’ер Мішусцін. Лукашэнка таксама сказаў што прыняў нейкае важнае рашэнне, якое сфармулюе ў бліжэйшыя дні ў выглядзе дэкрэту. На вашую думку, як эканаміста, ці можа быць яно звязанае з падпісаннем нейкіх дарожных мапаў інтэграцыі з Расеяй, менавіта эканамічнай часткі гэтых дарожных мапаў?
Алесь Аляхновіч: Я не бяруся спекуляваць, у мяне няма нейкай інсайдэрскай інфармацыі. А прагназаваць, што ў Лукашэнкі ў галаве, не варта гэта рабіць.
РР: А ўвогуле, калі прыняць негатыўны сцэнар, у якой паслядоўнасці мусіць адбывацца гэтая эканамічная інтэграцыя? Што спачатку? Адзіны эмісійны цэнтр? Ці аб’яднанне падатковага заканадаўства? Ці нешта яшчэ?
Алесь Аляхновіч: Калі мы кажам гіпатэтычна пра гэта, якое правіла. Правіла, канешне, такое, што манетарная палітыка павінна быць такой вішанькай на торце. То бок, канешне, спачатку павінны быць адаптаваныя розныя законы, не толькі законы па падатковым кодэксе, але і пажадана законы па працоўным кодэксе, пажадана па пенсійнай сістэме і па некаторых іншых напрамках. Пажадана таксама прадугледзіць магчымасці фіскальных трансфертаў паміж краінамі. Бо калі ёсць адзін эмісійны цэнтр і ўсталёўваюцца адны працэнтныя стаўкі на дзве краіны, або на большую колькасць краін, то зразумела, што ў розных краінах можа быць розны гаспадарчы цыкл. Адна краіна можа быць на пад’ёме, напрыклад, Расея можа быць на пад’ёме, таму што выраслі цэны на нафту, а Беларусь можа быць наадварот у рэцэсіі, таму што ўлады знаходзяцца ў палітычным крызісе і эканоміка ў рэцэсіі. У такой сітуацыі немагчыма вызначыць адну працэнтную стаўку, якая будзе карысная для абодвух эканомік.
РР: Тым больш што эканомікі не супастаўныя нават сваімі памерамі…
Алесь Аляхновіч: Гэта так, эканомікі не супастаўныя, але гэта не самае галоўнае. Адна з галоўных рэчаў, гэта тое, што краіны могуць мець не аб’ём эканомік розны, а розныя структуры эканомікі. І праз гэта яны будуць мець розныя гаспадарчыя цыклы. Яны могуць быць на розным этапе. Напрыклад, цяпер у Беларусі разганяецца інфляцыя, бо вялікія дэвальвацыйныя чаканні, людзі чакаюць, што курс рубля абясценіцца. Яны здымаюць рублёвыя дэпазіты, пераводзяць іх у валюту, валюту трымаюць проста ў сябе на руках. А ў Расеі наадварот – інфляцыя пачынае запавольвацца. То бок, розныя гаспадарчыя цыклы, таму што розныя структуры эканомікі. І каб мець адну манітарную палітыку ў такой сітуацыі трэба мець нейкую кардынацыю фіскальнай палітыкі. У нас гэтага ў Беларусі з Расеяй няма. Тут далёкі шлях яшчэ. Калі гэта рабіць правільна. Але беларускія ўлады, на гэты момант нелегітымныя ўлады, яны неаднойчы рабілі непрадуманыя рашэнні. І звычайна яны гэта рабілі без нейкага адпаведнага аналізу, прынамсі яны ніколі не публікавалі гэты аналіз, ніколі публічна не прэзентавалі, напрыклад, якія кошты і карысці ад уступлення Беларусі ў Мытны саюз, якія кошты і карысці ад уступлення Беларусі ў Еўразійскі эканамічны саюз. Прымалася рашэнне без апытання людзей.
Цалкам гутарка:
Гутрыў Стась Дадарка, Беларускае Радыё Рацыя