Алесь Макаеў: Зараз крызіс і стан пагаршаецца



Колькасць дробных прадпрымальнікаў памяншаецца прыкладна на 5 тысяч у год, а ў бізнес уваходзіць усё менш людзей.

З былой колькасці ў 280 тысяч ІП засталося каля 200 тысяч, кажа былы лідар прадпрымальніцкага руху, а цяпер намеснік старшыні „Руху салідарнасці „Разам” Алесь Макаеў:

– Колькасць прадпрымальнікаў скарачаецца, гандаль змяншаецца. Прыходзяць найміты гандлёвых сетак, якія таксама працуюць на рынках. Праблема, як мы ведаем, з узбекскім таварам, які распаўсюджаны па карупцыйнай схеме, а без улады гэта не адбылося. Хто з гэтага мае, які чыноўнік ці сваякі Лукашэнкі, не ведаем, без „крышавання” на самым версе гэтай схемы не было б.

Нягледзячы на бядотнае становішча ў сферы малога і сярэдняга бізнесу, па словах Алеся Макаева, паціснуць руку апошняму прадпрымальніку, як калісьці абяцаў Аляксандр Лукашэнка, яму не ўдасца, бо ІП выжывалі і не ў такіх умовах:

– Прадпрымальнікі выжывалі ў значна горшых умовах, нават у войны. Людзям цяжка ўваходзіць, нават на адну кропку патрэбнае буйное ўкладанне грошай – інфраструктура, тавар, пакет дакументаў. Заробку ў 90% няма, штосьці праядаецца, шмат людзей у мінус працуе – гэта вельмі цяжка. Зараз крызіс і стан пагаршаецца.

„Слабая пакупніцкая здольнасць насельніцтва робіць усё менш выгадным займацца дробным прадпрымальніцтвам у Беларусі. Таксама вялікія цяжкасці для прадпрымальнікаў складаюць патрабаванні дакументаў на тавар з Расеі”, – дадае Алесь Макаеў.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя