Алесь Талстыка: У людзей няма грошай
Прадпрымальнік Алесь Талстыка кажа, што “рынак – гэта індыкатар узроўню жыцця беларусаў”.
Сярэдні заробак у 1000 рублёў да канца года дасягнуты не будзе (а менавіта такую задачу ставілі ўлады), і ўзровень жыцця людзей апошнім часам не вельмі падвышаецца.
Алесь Талстыка: Калі па шчырасці, то многія ІП-эшнікі задаволены тымі зменамі, якія адбыліся ў апошні час. Няма праверак, шмат якія працэдуры спрасцілі. Няма ранейшых патрабаванняў па касавай дысцыпліне, прымусаў, каб усе набывалі прыватныя тэрміналы… Адзіная праблема – у насельніцтва няма грошай, таму і купляць няма каму. Белстат можа маляваць якія заўгодна лічбы па заробках, але рынак – гэта і ёсць рэальны індыкатар узроўню жыцця беларусаў.
Асартымент не аднаўляецца, хаця мажлівасці закупляцца оптам ёсць. Напрыклад, раней у Менск на рынак прыязджалі людзі з рэгіёнаў, на “Ждановічах” не прабіцца было ля гандлёвых павільёнаў, а зараз – цішыня.
РР: Кажуць, што добра ідзе гандаль у тых, хто займаецца продажам танных тавараў “сэканд-хэнд”…
Алесь Талстыка: Так, магазіны “сэканд-хэнд” растуць, як грыбы, паўсюль. Зразумела, што нават тавары, якія былі ва ўжыванні, будуць карыстацца вялікім попытам, бо яны ў разы таннейшыя за новыя. І для людзей з невялікімі заробкамі альбо для пенсіянераў – гэта тое, што патрэбна. Але ж мы павінны разумець, што гэта не развіццё бізнесу.
РР: Якія сёння чаканні ў прадпрымальнікаў?
Алесь Талстыка: Ведаеце, практычна ніхто не загадвае на будучыню і асабліва не будуе планы, бо мы ведаем, што сёння можа быць добра, а заўтра могуць у момант перакрыць кісларод. Таму ўсе жывуць сённяшнім днём. Хацелася б, натуральна, стабільнасці ў працы, але ўлады ў нас вельмі непрадказальныя.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя