Аляксандр Бухвостаў: Для краіны – гэта трагедыя



Прафсаюзны актывіст Аляксандр Бухвостаў разважае пра тое, наколькі важна для ўлады яе легітымнасць, і што можа згубіць краіна ў бліжэйшы час.

Аляксандр Бухвостаў: Сёняшняя сітуацыя для Беларусі – гэта трагедыя. Гэта ізаляцыя, сапсаваныя стасункі з іншымі краінамі, адсутнасць магчымасцяў крэдытавання эканомікі, аказанне ёй нейкай падтрымкі. Улічваючы, што эканоміка і так знаходзіцца ў складаным стане, страта дадатковых рэсурсаў можа прывесці да дэфолту.

Таму для краіны ўсё сумна. Хаця для тых, хто чапляецца за ўладу, можа быць, і так камфортна. Яны думаюць ізноў усіх абвесці вакол пальца.

РР: У тым ліку, і Маскву, якая падтрымала гэты рэжым?

Аляксандр Бухвостаў: Маскву – у першую чаргу. Многія разумныя расейскія палітыкі разумеюць, што Беларусь страчана для Расеі, калі нічога не зменіцца. Таму што новае пакаленне беларусаў не хоча жыць у такой сітуацыі, у якой зараз знаходзіцца краіна.

Мяркую, звароту не будзе, а значыцца нікуды не знікнуць супярэчнасці ўнутры краіны паміж рознымі палітычнымі сіламі, паміж грамадствам і ўладай, якое гэтае грамадства лічыць нелегітымным. Гэта можа выклікаць нестабільнасць працы эканомікі, прадпрыемстваў, зніжэнне заробкаў. У выніку пагаршэнне дабрабыту насельніцтва можа выклікаць сацыяльную рэвалюцыю.

РР: Які можа быць выхад з гэтай крызіснай сітуацыі?

Аляксандр Бухвостаў: Аптымальным варыянтам быў бы сыход Лукашэнкі, але ўсе разумеюць, што сам ён ад улады ніколі не адмовіцца. Калі застанецца, то становішча краіны будзе толькі пагаршацца. Мала хто захоча мець стасункі з неадэкватным рэжым, а Крэмль проста так цукеркі таксама даваць не будзе.

Тое, што зараз адбываецца ў краіне – гэта не толькі трагедыя, але і ганьба.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя