Аляксандр Бухвостаў: Падвышэнне пенсій – гэта мізер



Адзін з прафсаюзных лідараў лідараў Аляксандр Бухвостаў распавядае, ці ёсць у дзяржавы яшчэ рэзерв для падвышэння пенсій.

З 1 лістапада пенсіі ў Беларусі павялічацца ў сярэднім на 5 адсоткаў. Сярэдняя пенсія ў намінальным выразе, як плануецца, вырасце да 315,74 рубля.

Аляксандр Бухвостаў: Падвышэнне пенсій на 5 адсоткаў – гэта, натуральна, мізер, таму матэрыяльнае становішча пенсіянераў не надта і палепшыцца. Што такое 15 рублёў у месяц? Адзін сціплы паход у магазін. Але ж любое падвышэнне пазітыўна ўспрымаецца людзьмі. Тым больш, што пенсіі доўгі час заставаліся на старым узроўні.

РР: Ці ёсць ва ўладаў рэзервы, каб і надалей падвышаць пенсіі?

Аляксандр Бухвостаў: Складана сказаць, бо беларуская эканоміка пакуль знаходзіцца на ранейшым узроўні. Можа быць, інфляцыя знізілася, але ж больш глабальныя праблемы застаюцца. Дарэчы, мы лічым, што праблему пенсіянераў трэба вырашаць у комплексе. Напрыклад, можна было зняць абмежаванні па заробках для тых людзей пенсійнага ўзросту, якія працуюць. Гэта палепшыць жыццё і пенсіянераў, і эканоміку. Падвышэнне пенсій часам стымуляе эканоміку, бо людзі пачынаюць больш купляць. А зараз на сваю пенсію чалавек павінен сціпла жыць – ён знаходзіцца на нізкім спажывецкім узроўні. А калі будзе больш атрымліваць, то суадносна і больш траціць. Таму падвышэнне пенсій – пазітыўны момант, але не ўплывае на паляпшэнне ўзроўню жыцця.

Кастусь Заблоцкі, Беларусмкае Радыё Рацыя