Аляксандр Бухвостаў: Праблему ўжо не схаваеш
Прафсаюзны актывіст Аляксандр Бухвостаў распавядае пра пытанні працаўладкавання ў Беларусі.
Кіраўнік Адміністрацыі беларускага кіраўніка Наталля Качанава пацвердзіла, што пытанне працаўладкавання “гэта асноўнае пытанне, якое хвалюе жыхароў нашай краіны. У розных рэгіёнах сітуацыя розная, але яна сапраўды мае месца і самазаспакойвацца тут нельга”. У дадатак Качанава прывяла прыклад аднага раённага цэнтра, дзе практычнага немагчыма знайсці працу.
А вось вясной гэтага года з вуснаў міністра працы Ірыны Касцевіч гучалі некалькі іншыя словы: “Усе, хто хацеў знайсці працу да 1 траўня, працаўладкаваліся”.
Аляксандр Бухвостаў: Было ж даручэнне Лукашэнкі ўсіх працаўладкаваць да 1 траўня, таму “знайшлі” працу ўсім у неабходны тэрмін. І ў той жа час усе разумелі, што гэта – самападман. Чаму ж Касцевіч не казала: “Усе, хто хацеў знасці працу з дастойным заробкам, працаўладкаваліся…” Калі чалавеку прапануюць 200-300 рублёў, то варта яшчэ падумаць, ці здолееш ты за гэтыя грошы сям’ю пракарміць ва ўмовах тых цэнаў, што фарміруе дзяржава. Таму чалавек хоча знайсці не тую працу, якую прапануюць дзяржаўныя чыноўнікі, а якая б дазваляла больш-менш прыстойна жыць. А такой працы мала. Калі ўжо чыноўніца Адміністрацыі прэзідэнта вырашыла не рабіць добрую міну пры дрэннай гульні, то справы і сапраўды дрэнныя.
РР: Цэлы год бубнілі пра сярэдні заробак у 1000 рублёў, а ў раённых цэнтрах і праца з заробкам у 500 рублёў – за шчасце…
Аляксандр Бухвостаў: Рэгіёны пацярпелі больш за ўсё. Калі раней у раённых цэнтрах давалі працу нейкія асноўныя прадпрыемствы горада, то зараз многія наогул пазакрываліся. Яны ж неэфектыўныя, а пераходзіць на рынкавыя рэйкі не могуць і не хочуць. І рынак жорстка карае тых вытворцаў, якія працуюць старымі метадамі. А новых працоўных месц у рэгіёнах па сутнасці не ствараецца, там вялізнае беспрацоўе. Таму калі казаць пра праблему працаўладквання, не варта браць у прыклад Менск. Сталіца – гэта не Беларусь. Гэта рэальная праблема, і калі тая ж Качанава прыязджае ў рэгіёны, то людзі падчас сустрэч кажуць ёй у вочы ўсё тое, што ім набалела. І хаваць гэта ўжо не мае сэнсу. Лепш ад гэтага дакладна не стане.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя