Аляксандр Класкоўскі: Беларусь – гэта “Грэцыя” Еўразійскага саюзу
Беларусі варта ўважліва сачыць за крызісам у Грэцыі, мяркуе беларускі палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі. Паводле яго, Беларусь можна лічыць “Грэцыяй” Еўразійскага саюзу, бо афіцыйны Менск апошнія гады таксама актыўна жыве за кошт расейскіх субсідыяў і крэдытаў. Беларусь можа таксама паўтарыць лёс Грэцыі, не выключае Аляксандр Класкоўскі.
– Паколькі перспектыва такая, што падтрымка з боку Расеі будзе для Беларусі змяншацца, то вось такі ж калапс, такая ж невясёлая будучыня можа чакаць і Беларусь, без рэформаў, без разумення таго, што трэба пераводзіць эканоміку на рынкавыя рэйкі. Аднак маса насельніцтва, мне здаецца, пра гэта зусім не думае.
На сённяшні дзень запазычанасць Беларусі складае амаль 40 мільярдаў даляраў. Беларускі міністр фінансаў выказаў спадзяванне, што ў ліпені Беларусь дамовіцца пра чарговы расейскі крэдыт, які пойдзе на пагашэнне ранейшых даўгоў Беларусі. Сума пакуль не называецца.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя