Аляксандр Класкоўскі: Гэты клінч быў непазбежны



Нарастае энергетычны канфлікт на лініі Менск-Масква. У адказ на памяншэнне паставак нафты беларускі бок рэзка, адразу на 50%, падняў тарыф на прапампоўку расейскай нафты ў Еўропу па магістральных трубаправодах. Як лічыць палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі, такім жорсткім спосабам Менск спрабуе павысіць стаўкі перш за ўсё на газавых перамовах з усходнімі партнёрамі. Наогул у стасунках Беларусі і Расеі назіраецца глыбокі крызіс.

– Паколькі рэформы праводзіць Аляксандр Лукашэнка не хоча, то ён стараецца хоць нешта выціснуць з Расеі. У прыватнасці, менавіта беларускі бок устанавіў з пачатку гэтага года справядлівую на яго погляд цану на газ, якая амаль удвая меншая чым цана кантрактная. У свой час абодва бакі распачалі гэтую братнюю інтэграцыю, так бы мовіць “па паняццях”. Шмат высокіх слоў, а насамрэч Менск хацеў “прыстаканіцца” да расейскіх рэсурсаў, а Масква хацела прасунуць свае імперскія інтарэсы. Так што рана ці позна гэты клінч быў непазбежны.

Са слоў Аляксандра Класкоўскага, даваць энергетычныя гранты Беларусі Расея ўжо не можа – анексія Крыма, санкцыі Еўразвяза, ваенныя канфлікты на Данбасе і Сірыі моцна падарвалі расейскую эканоміку. У той жа час Лукашэнка не жадае пагаджацца на ўмовы выдзялення чарговага крэдыта Беларусі з боку Міжнароднага валютнага фонду. Беларускі кіраўнік катэгарычна адмаўляецца ад рынкавых рэформаў ды прыватызацыі.

Анатон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя