Эксперты крытыкуюць праграмы кандыдатаў (абноўлена)



Беларусі патрэбна перш за ўсё макраэканаміяная стабілізацыя, кажа эксперт Ліберальнага клуба Антон Болтачка. Таму кандыдаты ў прэзідэнты павінны падрыхтаваць сур’ёзны эканамічны план, які павінен уключаць у сабе канкрэтныя меры:

– Па-першае, парадкаванне тэмпаў інфляцыі ў краіне і стабілізацыя беларускай валюты. Другі момант – гэта рэфармаванне самой структуры эканомікі, у першую чаргу трэба нешта рабіць з дзяржаўным сектарам, які сёння знаходзіцца ў стратах, і з прыватным сектарам эканомікі, які на фоне дзяржаўнага мае ўмовы працы, якія не дазваляюць з’яўляцца драйверам росту.

Для таго патрэбна рэфармаваць усю дзяржаўную сістэму і сістэму кіравання эканомікай, дадае эканамічны эксперт.

Палітолаг Аляксандр Класкоўскі ў сваю чаргу канстатуе, што менавіта гэтыя пытанні імкнецца не закранаць у перадвыбарчы перыяд дзейсны кіраўнік дзяржавы:

– Лукашэнка ўвогуле будзе пазбягаць гучных агітацыйных лозунгаў, бо няма пра што яму зараз казаць. Раней ён проста абяцаў беларусам пад выбары болей грошай і выконваў гэта. Перад кожнымі выбарамі сярэдні заробак у доларавым эквіваленце ўзрастаў, а зараз – наадварот, беларусы зарабляюць меней, чым гэта было 5 гадоў таму.

“Тады Лукашэнка даў усім па 500 даляраў, а цяпер сярэдні заробак – каля чатырохсот даляраў у эквіваленце,” – прыгадвае Аляксандр Класкоўскі.

Перадвыбарчыя праграмы кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі звычайна з’яўляюцца незадоўга да выбараў і пішуцца „на каленях”. Такое меркаванне выказвае палітолаг Павел Усаў. Палітычны эксперт падкрэслівае, што праграмы маюць выключна прапагандысцкі сэнс і не ўтрымліваюць сур’ёзнай эканамічнай і сацыяльнай стратэгіі:

– Праграмныя элементы можна знайсці ў ліберальна-дэмакратычнай партыі. Яны заўсёды выходзяць з тымі ж самымі ідэямі. У іх можна знайсці тэзісы датычна таго, што Беларусь павінна быць у саюзе з Расеяй. І адначасова краіна павінна будавацца на прынцыпах лібералізму і дэмакратыі. Гэта агульныя фармальныя заклікі, якія ніхто рэалізоўваць не будзе.

Ад Мікалая Улаховіча сур’ёзных праграмных падыходаў чакаць увогуле не прыходзіцца, упэўнены Усаў:

– Ніхто сур’ёзна яго не разглядае. Асноўным тэзісам і элементам яго праграмы, напэўна, будзе саюз з Расеяй. Бо, на яго думку, якую ён неаднаразова агучваў, Беларусь – гэта частка расейскага свету. Такім чынам, пра дадзенага кандыдата можна нават не ўзгадваць.

Перадвыбарчыя прапановы Таццяны Караткевіч палітолаг называе прапагандай без сур’ёзнай платформы і адзначае, што частка з пунктаў праграмы была ўзята яшчэ з часоў удзелу ў кампаніі былога лідара “Гавары праўду” Уладзіміра Някляева.

* * *

Льготы і сацыяльная дапамога, канстытуцыйная рэформа і шматвектарная знешняя палітыка. Гэта самыя яркія пункты перадвыбарчай праграмы Таццяны Караткевіч. Прапановы вылучэнкі ад “Народнага рэферэндуму” апублікаваныя на сайце кампаніі “Гавары праўду”. Астатнія кандытаты пакуль не абнародавалі канкрэтных праграмаў, у медыйнай прасторы з’яўляюцца паасобныя выказванні і лозунгі. Палітычны і медыяэксперт Аляксандр Класкоўскі мяркуе, што часцей за ўсё беларускі выбаршчык не вывучае праграмы кандыдатаў, а “комплексна” ацэньвае постаці:

– Людзі не столькі будуць вывучаць праграмы, колькі канкрэтна глядзець, як у той ці іншай сітуацыі павяла сябе Караткевіч. Вось пэўныя інфармацыйныя нагоды. Напрыклад, на Дзень святкавання горада яна выступіла за ўсеагульныя выбары мэра Менска. І на рэгістрацыі кандыдатаў яе тэза, што Лукашэнка стаміўся і мусіць сысці, таксама многім запомнілася. Многае будзе залежыць яшчэ і ад тэлевізійных выступаў. Думаю, у Караткевіч як такой прывабнай жанчыны на фоне астатніх кандыдатаў-жужчын ёсць магчымасць выгадна вылучыцца.

Праграмы Аляксандра Лукашэнкі, Сяргея Гайдукевіча і Мікалая Улаховіча пакуль немагчыма знайсці ў інтэрнэце. Праўда, апошнім часам атаман беларускага казацтва заявіў у інтэрв’ю, што Беларусь – частка “расейскага свету”, а лозунг кандыдата Гайдукевіча: „Парадак у краіне – дастатак у доме”.

Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя