Аляксандр Класкоўскі: Расея зноў можа падставіць сваё фінансавае “плячо”



Галоўнай тэмай сустрэчы ў Маскве будзе пытанне чарговага крэдыту, мяркуе палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі. 2 і 3 сакавіка ў Маскве мае прайсці паседжанне Вышэйшага савету саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі. Паводле афіцыйных паведамленняў, падчас сустрэчы будуць размаўляць пра саюзны бюджэт, узгодненую геапалітычную пазіцыю ды іншыя пытанні. Беларусь цікавіць перадусім фінансавае пытанне, і Масква можа чарговы раз падставіць сваё фінансавае “плячо”, – мяркуе Аляксандр Класкоўскі.

– Такія шансы ёсць, і я думаю, мы адразу пра гэта даведаемся, таму што беларускаму кіраўніцтву і з піяраўскіх меркаванняў выгадна пра гэта абвесціць, і чыста з фінансавых меркаванняў, бо, як мы ведаем, міжнародныя агенствы цяпер маюць намер паніжаць рэйтынгі беларускіх банкаў, і папаўненне золатавалютных рэзерваў, такая інфармацыя можа паўплываць у станоўчым плане на фінансавую сітуацыю.

Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Moody’s паставіла на перагляд доўгатэрміновыя рэйтынгі шасці беларускіх банкаў з магчымасцю паніжэння. Паводле экспертаў, у Беларусі назіраюцца рызыкі неспрыяльных зменаў з-за рызыкі ўплыву знешніх фактараў і магчымага скарачэння падтрымкі беларускай эканомікі Расеяй.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя